•  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Аляксандр Студнеў зацверджаны на пасадзе старшыні Магілёўскага гарвыканкама

04.10.2022

На пазачарговай сесіі Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў аднагалосна зацверджаны на пасадзе новы старшыня гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Студнеў. Напярэдадні яго кандыдатуру ўзгадніў Прэзідэнт Беларусі.

Кандыдатуру новага кіраўніка прадставіў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Паводле яго слоў, на гэту пасаду разглядалася некалькі чалавек, аднак пасля ўсебаковага вывучэння выбар спыніўся менавіта на Аляксандры Студневе. «Аляксандр Віктаравіч – дасведчаны чалавек і кіраўнік, які добра разбіраецца ў многіх пытаннях, у тым ліку ў гаспадарчай дзейнасці, – падкрэсліў губернатар. – Ён папрацаваў на дзяржаўнай службе, прайшоў добрую школу на ўзроўні рэспублікі, пасля чаго многае ўспрымаюць па-іншаму і знаходзяць патрэбнае рашэнне. Лічу, што ён цалкам падрыхтаваны да гэтай працы».

Спыніўся Анатоль Ісачанка і на працоўнай біяграфіі новага старшыні Магілёўскага гарвыканкама. Аляксандр Студнеў скончыў у 1997 годзе Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію, у 2011-м – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце. Сваю працоўную дзейнасць пачаў з майстра, а затым прараба Магілёўскага будтрэста № 12. З 2017 да 2022 год працаваў на пасадзе старшыні Бабруйскага гарвыканкама. За гэты час яму разам з камандай аднадумцаў удалося зрабіць многае: у Бабруйску быў пабудаваны шэраг значных сацыяльных аб’ектаў, палепшыліся паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, і горад выйшаў на бясстратную працу. Так, колькасць стратных прадпрыемстваў за час працы Аляксандра Студнева на пасадзе мэра знізілася з 26 да 9.

Новы старшыня Магілёўскага гарвыканкама выказаў падзяку за аказаны давер і падтрымку кіраўніку дзяржавы і старшыні Магілёўскага аблвыканкама. «Упэўнены, што ўсе пастаўленыя задачы і пажаданні будуць выконвацца ў поўным аб’ёме і ў належныя тэрміны, – адзначыў ён. – Адзначу, што велізарная праца праведзена ранейшым старшынёй Уладзімірам Цумаравым. Аднак ёсць разуменне, што час не стаіць на месцы і трэба будзе зрабіць яшчэ больш. Наша агульная задача – працаваць на карысць горада, вобласці і краіны».

Анатоль Ісачанка падзякаваў дэпутацкаму корпусу за адзінадушную падтрымку кандыдатуры Аляксандра Студнева, уручыў яму пасведчанне, павіншаваў і пажадаў плённай працы. Словы падзякі прагучалі і на адрас Уладзіміра Цумарава. Губернатар падкрэсліў, што яго стараннямі зроблена шмат аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, якія сталі ўпрыгожваннем і візітнай карткай абласнога цэнтра. Тым не менш павінна быць ратацыя кадраў, якая становіцца неад’емнай часткай прадуктыўнай працы.

«Уся мая працоўная дзейнасць, за невялікім выключэннем, звязана з Магілёвам, – падкрэсліў Уладзімір Цумараў. – Была магчымасць атрымаць вопыт у Мінску, але я вярнуўся ў родны горад. Крок за крокам, больш за 30 гадоў, я працаваў у органах выканаўчай улады. Мне даводзілася пастаянна сутыкацца з жыццём магілёўцаў, горадам і яго праблемамі. Таму я вельмі ўдзячны ўсім за праведзеную працу, а таксама за тое, што мы разам фарміравалі вобраз нашага роднага горада. Упэўнены, што традыцыі, якія склаліся ў абласным цэнтры, будуць не толькі захаваныя, але і прымножаныя».

БЕЛТА