• Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Анатоль Ісачанка: аграрыі Магілёўскай вобласці паказалі годны вынік, але ёсць патэнцыял быць яшчэ лепшымі

15.10.2022

Аграрыі Магілёўскай вобласці паказалі годны вынік на ўборачнай, але ёсць патэнцыял быць яшчэ лепшымі. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка падчас абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2022» у Слаўгарадзе.

«На даным этапе мы задаволены тым вынікам, які атрымаўся. Хоць патэнцыял Магілёўшчыны нашмат большы. І сёння нашы аграрыі разумеюць гэта, калі закладваюць ураджай будучага года», – падкрэсліў ён.

Як адзначыў Анатоль Ісачанка, сёння ў Слаўгарадзе вялікае і важнае свята, праходзіць ушанаванне пераможцаў абласнога спаборніцтва. «Мы гаворым людзям дзякуй за іх працу. Нам ёсць каго адзначыць, ёсць каму падзякаваць, – падкрэсліў Анатоль Ісачанка. – Важна, што сёння разам з намі моладзь, якая паказвае добрыя вынікі працы. Можна з упэўненасцю сказаць: расце дастойная змена. Разам з намі ветэраны працы, на якіх трэба раўняцца і якія ўнеслі свой уклад у развіццё Магілёўскага рэгіёна. Сёння мы сабралі ўсіх тых, хто аддае душу і сэрца на карысць нашага Прыдняпроўскага краю».

Аднак свята ў Слаўгарадзе не ставіць фінальную кропку ў сельскагаспадарчых работах у рэгіёне. Як падкрэсліў губернатар, зараз у аграрыяў яшчэ хапае спраў: закончыць уборку бульбы, капусты, морквы, падняць зябліва, зрабіць добры зачын на ўраджай наступнага года.

Па словах губернатара Магілёўскай вобласці, ні адно свята не абыходзіцца без падарункаў: на «Дажынках» у Слаўгарадзе адкрылі будынак цэнтральнай раённай бальніцы і паліклінікі пасля рэканструкцыі. «Горад да свята абнавілі: вуліцы, дарогі, дамы. Адкрылі для людзей абноўленую бальніцу і паліклініку. Свята пройдзе, а людзям застанецца чысты і абноўлены горад», – адзначыў ён.

Адным з запрошаных на свята ў Слаўгарадзе гасцей стаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сяргеенка. Ад Магілёўскай вобласці яму перадалі духмяны каравай з ураджаю гэтага года і папрасілі перадаць яго Прэзідэнту. Просьбу жыхароў рэгіёна Ігар Сяргеенка абяцаў выканаць. Пасля гэтага госці азнаёміліся са святочнымі тэматычнымі падворкамі.

БЕЛТА