• Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Анатоль Ісачанка: кожны павінен выконваць сваю работу ў межах дзеючага заканадаўства

06.07.2022

Будаўнічыя недахопы, добраўпарадкаванне тэрыторый, якасць аказання жыллёва-камунальных паслуг – асноўныя тэмы пытанняў, якія прагучалі ад грамадзян падчас асабістага прыёму, які сёння правёў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Усяго было разгледжана 7 зваротаў ад жыхароў Магілёва, Магілёўскага раёна, Чавус, Горак.

Так, да кіраўніка рэгіёна з цэлым шэрагам пытанняў звярнуліся шматдзетныя маці з новабудоўляў па вуліцах Бярозаўская і Грышына ў горадзе Магілёве, якія паскардзіліся на тое, што ўжо некалькі гадоў чакаюць заканчэння добраўпарадкавання дамавых і прыдамавых тэрыторый, у тым ліку – абсталявання дзіцячых пляцовак. Акрамя таго, жанчыны звярнулі ўвагу, што тэрыторыя забудовы своечасова не прыбіраецца, не абкошваецца, а за высокай травой не відаць зламаных і адкрытых каналізацыйных люкаў, якія таксама выклікаюць трывогу, паколькі туды могуць упасці дзеці ці выпадковыя прахожыя. Ёсць у жанчын і пытанні па ўладкаванні пад'язных шляхоў, якія з моманту ўводу аднаго з дамоў па вуліцы Бярозаўскай яшчэ ў 2019 годзе да гэтага часу, са слоў заяўніц, не вырашаны. Як да гэтага часу не ліквідаваны і некаторыя будаўнічыя недахопы ў кватэрах заяўнікаў і месцах агульнага карыстання, зафіксаваныя ў актах. Напрыклад, з частымі выпадкамі падтапленняў сутарэнных памяшканняў праз нездавальняючы стан ліўневай каналізацыі.

«Мы самастойна выходзілі на суботнікі, стараемся арганізаваць і вольны час, праводзім дваровыя мерапрыемствы сумесна з цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі «Крынічка», плануем у далейшым арганізаваць спартыўныя мерапрыемствы, хацелася б правесці і сустрэчу з кінолагамі, напрыклад. Паколькі па плане ў нас прадугледжана добраўпарадкаванне адпаведных пляцовак. Але калі яны будуць гатовы – мы не разумеем. Адказы з адпаведных служб паступаюць супярэчлівыя і па ўладкаванні тэрыторыі, і па тэрмінах», – адзначылі жанчыны.

Таксама шматдзетныя маці пацікавіліся, ці будзе пабудаваны ў мікразоне дзіцячы сад і ці хутка арганізуюць рух гарадскога транспарту, паколькі прыпыначныя пункты абсталяваны ўжо даўно, а размовы пра запуск маршруту не ідзе.

Хвалявала магіляўчанак і пытанне ўстаноўкі шумаахоўнага экрана з боку чыгункі, якая знаходзіцца ў крокавай даступнасці ад мікрараёна, дзе засяроджана пражыванне шматдзетных сем'яў. З боку забудоўшчыка даваліся абяцанні па яго ўстаноўцы, аднак да рэалізацыі так і не дайшло. У той час як мамы непакояцца за бяспеку дзяцей, асабліва ў перыяд летніх канікулаў, калі дзеці шмат часу бавяць на вуліцы.

Яшчэ адным значным пытаннем стаў момант з абслугоўваннем дамоў. Арганізацыі, на якія ўскладзена гэта функцыя, накіроўваюць жыхароў з іх праблемамі да забудоўшчыка, паколькі дзейнічае гарантыйны тэрмін, а забудоўшчык сцвярджае, што гэтыя пытанні павінна вырашаць абслуговая арганізацыя. І пакуль службы вядуць паміж сабой перапіску, у жыхароў дамоў у сваю чаргу ўзнікае заканамернае пытанне: за што яны плацяць грошы?

Уважліва выслухаўшы заяўніц, Анатоль Ісачанка адзначыў, што імгненна даць адказ у гэтым выпадку не атрымаецца, паколькі неабходна дэталёва вывучыць сітуацыю па кожным блоку пытанняў. Ён даручыў адпаведным службам на працягу месяца разабрацца па ўсіх агучаных праблемах і канкрэтна акрэсліць тэрміны іх вырашэння, правесці сходы з жыхарамі, азнаёміць іх з планам дзеянняў і паабяцаў узяць пытанне пад асабісты кантроль.

«У выпадку з абслуговымі арганізацыямі варта разабрацца асобна і навесці парадак. Мяркую, гэта пытанне сістэмнае, і на прыкладзе гэтага мікрараёна неабходна вывучыць, як прымаюцца і выконваюцца заяўкі, як аказваюцца паслугі, каб зразумець – гэта сістэма дае збой або кіраўнікі на месцах не дапрацоўваюць. Але такога быць не павінна, што жыхары плацяць за абслугоўванне, а паслуга належным чынам не аказваецца».

Яшчэ адна магіляўчанка прыйшла па пытанні рамонту тамбура, размешчанага пад балконам яе кватэры, які належыць магазіну. Пенсіянерка лічыць, што па прычыне таго, што тамбур знаходзіцца ў неналежным стане, разбураецца яе балкон. У працэсе вывучэння сітуацыі высветлілася, што ўласнік тамбура, каб спыніць зацягнуты канфлікт, замовіў экспертызу і па яе заключэнні плануе ліквідаваць пазначаныя недахопы.

Жыхары дома па вуліцы Кісялёва абласнога цэнтра прыйшлі на прыём, каб падзяліцца сваёй бядой – яны лічаць, што пасля капітальнага рамонту ўмовы іх жыцця пагоршацца, а не палепшацца. Паколькі дом хоць і стаў прыгожы знешне, але ў ім з'явілася праблема з каналізацыяй. Яе замянілі, паменшыўшы аб'ём антысептыка пры будаўніцтве. У той час як колькасць карыстальнікаў, якія абсталявалі санвузлы, вырасла з 4 кватэр да 12. Па словах заяўнікаў, у каналізацыі ўжо назіраецца вялікая колькасць вады, хоць жыхары яшчэ не засяліліся назад у свае кватэры, таму што ў доме пакуль ідуць рамонтныя работы. І яны хвалююцца, што аб'ём разлічаны няправільна і не вытрымае нагрузкі пры паўнавартаснай эксплуатацыі.

Анатоль Ісачанка пазначыў, што ў дадзеным выпадку ёсць неабходнасць стварыць камісію, уключыўшы ў яе ўсіх зацікаўленых. І вывучыць усе этапы капрамонту ад праекта да выканання работ у адпаведнасці з праектна-каштарыснай дакументацыяй, якая прайшла экспертызу.

«Усе недахопы, якія будуць выяўлены, павінны быць выпраўлены. Каб людзі маглі засяліцца ў свае дамы. Трэба зрабіць усё якасна, паводле закону», – падсумаваў старшыня аблвыканкама.

Сямейную пару з Чавус, у сваю чаргу, хвалявала праблема неадпаведнасці нормам тэмпературы гарачага водазабеспячэння ў іх кватэры па вул.Азарава.

«Трэба зліць каля 20 літраў, каб атрымаць цёплую ваду, да таго ж, не грэецца і сушыльнік для ручнікоў. Мы звярталіся ў райвыканкам, каб вырашыць праблему, але, на жаль, безвынікова», – падзяліліся заяўнікі.

Старшыня аблвыканкама паставіў задачу – спецыялістам выехаць на месца і праблему вырашыць.

Звярталіся грамадзяне і па пытаннях вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці, афармлення дакументаў, якія сведчаць права на будынкі, пашырэння праезду да жылога дома, падсыпкі дарог.

Падчас размовы з журналістамі Анатоль Ісачанка адзначыў, што некаторых пытанняў можна было б пазбегнуць, калі б кожны выконваў сваю работу ў межах дзеючага заканадаўства – ні больш, ні менш.

«Калі гэта будзе зроблена, дык і зваротаў будзе менш. І больш будзе магчымасцей дапамагчы людзям, дзе гэта сапраўды неабходна. Асобныя пытанні ўзнікаюць з-за некаторых недаглядаў: ці то з боку выканаўчай улады не былі своечасова праінфармаваны грамадзяне, ці то грамадзяне, нягледзячы на апавяшчэнне, не аформілі адпаведныя дакументы, а потым праходзіць пэўны час і выяўляецца праблема. Але ж ёсць заканадаўчая база, якая дзейнічае на дадзены момант. Законы, вядома, мяняюцца, трансфармуюцца, і нам трэба прымаць рашэнні менавіта ў той час, калі гэта неабходна. А калі час упушчаны, то рашэнне бывае неактуальным ці не адпавядае запытам грамадзян, таму парадку, які павінен ажыццяўляцца ў той ці іншай справе.

Сённяшні прыём паказаў, што гэтыя пытанні маюць месца. Гэта датычыцца і добраўпарадкавання тэрыторыі, і капітальнага рамонту дамоў. Сказаць, што хтосьці канкрэтна вінаваты, – таксама нельга. Але вынік застаецца такім, які ёсць.

Ва ўсякім разе, з боку дзяржавы робіцца ўсё магчымае і нават болей. А ў некаторых пытаннях неабходна наводзіць парадак сумеснымі намаганнямі. І трэба разумець, што часам, напрыклад, вырашыць пытанні імгненна немагчыма, паколькі ёсць бюджэт, за межы якога мы не можам выйсці. Пра гэта людзям таксама трэба казаць, каб не ўзнікала непаразумення».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч