• Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Анатоль Ісачанка на вячэрняй уборцы ўраджаю: трэба быць рацыянальным і выкарыстоўваць кожную прыдатную хвіліну

03.08.2022

Ва ўборцы ўраджаю патрэбен рацыянальны падыход, пры якім важна выкарыстоўваць кожную прыдатную хвіліну. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка падчас вячэрняй уборкі азімай пшаніцы на палях ААТ «Цішоўка» ў Магілёўскім раёне.

«На сённяшні дзень Магілёўшчына прыступіла да масавай уборкі ўраджаю. Працуем да таго часу, пакуль па тэхналогіі можна прыбіраць, каб не было страт, і рацыянальна выкарыстоўваем кожную прыдатную хвіліну. Вось ужо ноч амаль, але надвор’е і поле дазваляюць працягваць уборку, – адзначыў губернатар Магілёўскай вобласці. – Вядома, у рабоце выкарыстоўваем манеўры. Да абеду убіраем адну культуру, пасля – другую. Гэта нам дае магчымасць больш поўна і рацыянальна выкарыстоўваць светлавы дзень і нават начны час. Рапс наогул прыбіраюць да паўночы там, дзе яшчэ ён застаўся. Але, думаю, яшчэ некалькі дзён – і мы завершым уборку гэтай культуры. У цэлым, мы працягваем здачу збожжа па дзяржзамове. Працуем над насеннем, актыўна рыхтуем палі пад пасеў новага ўраджаю».

Падчас свайго рабочага візіту старшыня Магілёўскага аблвыканкама азнаёміўся з ходам начной уборкі, пагутарыў з кіраўніцтвам раёна і ААТ «Цішоўка».

Як адзначыў кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства Віталь Фомкін, у палях гаспадаркі працуе 14 камбайнаў, на адвозе задзейнічана 7 машын. «Усе камбайны, што ёсць у наяўнасці, працуюць. Колькасці машын на адвозе хапае, каб камбайны не прастойвалі і збожжа своечасова дастаўлялі на зернетокі. Калі пяройдзем на далёкія адлегласці, будзем павялічваць колькасць машын на адвозе. Таксама ў нас маецца 5 сушылак, якія апрацоўваюць збожжа, што паступае з поля. На сённяшні дзень пачалі здаваць збожжа па дзяржзамове – ужо 400 т пшаніцы. А фактычна за два дні ўборкі намалацілі 2 тыс. т пшаніцы, азімага ячменю – 800 т намалацілі».

Усяго ў гаспадарцы ўраджай збожжавых і зернебабовых неабходна прыбраць з плошчы больш за 4 тыс. га, яшчэ 50 га займае грэчка. У гэтым годзе ў гаспадарцы ўпершыню пачалі высейваць азімы ячмень. Ён заняў плошчу ў 25 га, і, па словах Віталя Фомкіна, ураджайнасць склала больш за 51 ц/га. «Для першага раза гэта добры вынік», – адзначыў аграрый.

Па словах старшыні Магілёўскага аблвыканкама, для паспяховай уборачнай кампаніі ў Магілёўскай вобласці ёсць усё неабходнае. «Камбайны гатовыя, механізатары ёсць, паліва маецца, парк для адвозкі збожжа таксама ёсць. Зернесушыльная гаспадарка працуе на поўную магутнасць і круглыя суткі. Як і прагназавалі, зерне ідзе з некалькі павышанай вільготнасцю ў адносінах да мінулага года. Але, у прынцыпе, усё прымальна», – адзначыў ён.

БЕЛТА