• Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Астанкі 12 байцоў Чырвонай Арміі перапахавалі з воінскімі ўшанаваннямі ў Чавускім раёне

27.06.2022

У аграгарадку Дужаўка Чавускага раёна сёння перапахавалі астанкі 12 байцоў Чырвонай Арміі.

Астанкі савецкіх воінаў былі знойдзены падчас экспедыцыі «Проня-2022» пошукавікамі гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру». Пошукавая экспедыцыя на берагах ракі Проня праходзіла з 30 мая па 8 чэрвеня на тэрыторыі Чавускага і Дрыбінскага раёнаў. Яе ўдзельнікамі сталі вопытныя пошукавікі клуба «Віккру», навучэнцы ўстаноў адукацыі вобласці і вайскоўцы 52-га спецыяльнага батальёна Міністэрства абароны. У Чавускім раёне на тэрыторыі Антонаўскага сельскага Савета былі падняты астанкі 12 байцоў, з іх 11 – у раёне населеных пунктаў Ужжар і Дужаўка.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Чавускага раённага выканаўчага камітэта Эдуард Герасіменка, старшыня Чавускага раённага Савета дэпутатаў Анатоль Мацюлін, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Наталля Тарасенка, пошукавікі клуба «Віккру», зборная брыгада магілёўскіх і чэрыкаўскіх байкераў, працоўныя калектывы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, ветэраны і моладзь.

«25 чэрвеня асаблівая дата ў гісторыі Чавускага раёна. У гэты дзень у 1944 годзе савецкія войскі вызвалілі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тры гады фашысты па-варварску гаспадарылі на чавускай зямлі, не шкадуючы старых, жанчын і дзяцей. Шлях выгнання акупантаў з нашай зямлі быў доўгім, цяжкім і кровапралітным, – расказаў старшыня Чавускага раённага выканаўчага камітэта Эдуард Герасіменка. – Вызваленне раёна прыйшло з II Беларускім фронтам, які удзельнічаў у наступальнай аперацыі «Баграціён» на магілёўскім напрамку. Рэгулярныя войскі разам з партызанамі пасля зацятых баёў вызвалілі Чавусы. За праяўлены гераізм у баях за вызваленне Чавускага раёна больш за 40 воінаў Чырвонай Арміі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Больш за 18 тыс. салдат і афіцэраў загінулі ў баях на тэрыторыі раёна. Прозвішчы многіх загінулых увекавечаны на магілах і абелісках».

Па словах Эдуарда Герасіменкі, выбар месца перапахавання не быў выпадковым. «Кожны год на тэрыторыі раёна пошукавікі «Віккру» праводзяць пошукавыя работы. І кожны год спісы воінскіх пахаванняў папаўняюцца новымі данымі. Сёння воінскае пахаванне ў Дужаўцы прыме ў свае рады дастойных людзей, жыццё якіх абарвала Вялікая Айчынная вайна», – адзначыў ён.

Усяго падчас пошукавай экспедыцыі «Проня-2022» былі паднятыя астанкі 15 байцоў. Пошукавікі змаглі ўстанавіць імя аднаго з іх па захаваным фрагменце чырвонаармейскай кніжкі. Гэта Міхневіч Іван Іванавіч, 1925 года нараджэння, ураджэнец вёскі Касцюшкавічы Крычаўскага раёна. Яго маці – Міхневіч Кацярына Станіславаўна – пражывала ў вёсцы Губеншчына Чэрыкаўскага раёна. Зараз пошукавікі «Віккру» спрабуюць знайсці яго родных. Перапахаваны Іван Міхневіч будзе разам са сваім баявым таварышам (іх разам паднялі ля сяла Прылепаўка) у мемарыяльным комплексе «Бынава».

БЕЛТА