• Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Больш за 7,5 тыс. жыхароў Магілёўскай вобласці прайшлі рэвакцынацыю ад COVID-19

22.11.2021

Больш за 7,5 тыс.жыхароў Магілёўскай вобласці прайшлі рэвакцынацыю ад COVID-19. Пра гэта паведаміла галоўны дзяржаўны санітарны ўрач рэгіёна Святлана Нячай.

«На сённяшні дзень па рэвакцынацыю ад каранавіруснай інфекцыі звярнулася больш за 7,5 тыс. чалавек – гэта тыя людзі, у якіх прайшло паўгода і больш пасля поўнага курсу прышчэпак. Рэвакцынацыя накіравана на людзей, якія працуюць і пражываюць у дамах-інтэрнатах, цэнтрах кругласутачнага пражывання, работнікаў сферы аховы здароўя, асабліва тых, хто працягвае працаваць у чырвоных зонах, работнікаў сацыяльнага абслугоўвання. Таксама актыўна далучаюцца да рэвакцынацыі людзі ад 60 гадоў і старэйшыя, а таксама тыя, хто мае хранічныя захворванні», – растлумачыла Святлана Нячай.

Па словах галоўнага санітарнага ўрача рэгіёна, праводзіцца рэвакцынацыя аднакампанентным прэпаратам «Спутник Лайт», які ў вобласці ёсць у дастатковай колькасці. «Людзі актыўна цікавяцца магчымасцю яшчэ раз прышчапіцца ад каранавіруса. Мы праводзім вялікую інфармацыйную працу, расказваем пра тое, што дзякуючы вакцыне можна пазбегнуць сур’ёзных ускладненняў у выпадку інфікавання. Акрамя гэтага, людзі аналізуюць сітуацыю, атрымліваюць інфармацыю са СМІ, але ў большай ступені яны арыентуюцца на вопыт родных і блізкіх, назіраючы плынь хваробы ў тых, хто зрабіў прышчэпку, і тых, хто не. Таму тэмпы вакцынацыі ў вобласці істотна ўзраслі», – адзначыла яна.

Праводзіцца рэвакцынацыя толькі ва ўстановах аховы здароўя. «Працэс рэвакцынацыі такі ж, як пры першых прышчэпках. Адзінае адрозненне – фарміраванне групы ў 5 чалавек. Прэпарат «Спадарожнік Лайт» расфасаваны ва ўпакоўкі, кожная з якіх разлічана на пяць доз. Уводзіць іх неабходна практычна адразу. Калі на дадзены момант група не можа быць сфарміравана, мы запісваем даныя тых пацыентаў, якія хочуць прайсці паўторны курс. Пасля фарміравання групы збіраем іх у пэўны час. Гэта дапамагае распланаваць працу нашага персаналу і не ствараць чэргі ў паліклініцы, – расказаў галоўны ўрач Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі Аляксандр Басенка. – Пацыентаў таксама аглядае ўрач, людзі запаўняюць неабходныя анкеты. Для рэвакцынацыі не мае значэння, якой вакцынай прывіваўся чалавек да гэтага. Галоўная ўмова, каб пасля першай прышчэпкі прайшло не менш за паўгода».

Актыўнымі тэмпамі ў рэгіёне працягваецца вакцынацыя жыхароў ад COVID-19. На сённяшні дзень першым кампанентам прышчэплена 42% насельніцтва – гэта каля 413 тыс. чалавек. Поўны курс прайшлі амаль 313 тыс. чалавек, гэта амаль 33%. Прышчэпку вакцынай «Спутник Лайт» атрымала 8,6 тыс.

Працягваецца ў вобласці і вакцынацыя ад грыпу. На сённяшні дзень прышчэпку зрабіла больш за 200 тыс. чалавек. «Хочацца адзначыць, што людзі хвалююцца пра сваё здароўе і здароўе сваіх блізкіх. Актыўна звяртаюцца па прышчэпкі ад грыпу. Зіма заўсёды прыносіць з сабой рост рэспіраторных захворванняў. Гэтыя інфекцыі істотна зніжаюць імунітэт, што можа паўплываць на цяжар захворвання каранавірусам. Небяспечны і сам грып, асабліва ў выпадку захворвання ім пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі, а тым больш пры адначасовым інфікаванні, – падкрэсліла Святлана Нячай. – Хочацца яшчэ раз звярнуцца да жыхароў нашай вобласці: паклапаціцеся пра сябе і сваіх родных. Насіце маскі ў грамадскіх месцах: яны практычна зводзяць да нуля рызыку перадачы інфекцыі. Старайцеся выконваць сацыяльнае дыстанцыяванне, карыстайцеся антысептыкамі. Абавязкова рабіце прышчэпкі. Толькі комплексны падыход дапаможа не дапусціць распаўсюджвання віруснай інфекцыі», – падкрэсліла Святлана Нячай.

Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт