• Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Магілёў святкуе Дзень Незалежнасці

03.07.2022

Дзень Незалежнасці – галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці і знакавы дзень у календары кожнага беларуса. Урачыстыя мерапрыемствы сёння праходзяць па ўсёй краіне, яны разгарнуліся і на Магілёўшчыне.

У абласным цэнтры святочная праграма пачалася з мітынгу на мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле». Удзел у ім прынялі памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Уласевіч, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар, старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў. Да капліцы ад кіраўніцтва абласнога, гарадскога і раённага выканкамаў, абласнога і гарадскога Савета дэпутатаў, гарадскіх адміністрацый, прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэлегацый Прыморскага краю, гарадоў-пабрацімаў і гарадоў-партнёраў: Звянігарада, раёна Сакаліная гара горада Масквы, Вітэнберга, аб’яднання прафсаюзаў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і вайскоўцаў, МНС, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, жыхароў горада – былі ўскладзены кветкі і вянкі.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся Уладзімір Цумараў, ён павіншаваў беларусаў з галоўным дзяржаўным святам краіны і 78-й гадавінай вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў:

«Дзень Незалежнасці – гэта сімвал адзінства нашага грамадства, пераемнасці пакаленняў і павагі да традыцый. Гэта свята ўвасабляе ў сабе мужнасць і гераічнае мінулае нашага народа. Лёсавызначальныя даты ёсць у жыцці кожнага народа, даты, якія выклікаюць найвышэйшы духоўны ўздым і яднанне ўсіх грамадзян, – адзначыў старшыня Маггарвыканкама. – За шматвяковую гісторыю на долю беларускага народа выпалі самыя розныя трагічныя падзеі і трыумфы небывалых перамог. Сёння мы ганарымся тым, што жывём у роднай Беларусі, адчуваем асабістае дачыненне да яе лёсу і адказнасць за сучаснасць і будучыню. Кожны год 3 ліпеня мы падкрэсліваем, што незалежнасць – гэта найвялікшы здабытак любога народа. І мы будзем берагчы яе і змагацца за яе так, як гэта рабілі нашы гераічныя продкі.

Беларусь – жывы помнік Вялікай Айчыннай вайне. Беларусы страцілі кожнага трэцяга, а таму да гэтага часу з асаблівым трапятаннем мы шануем і беражом памяць аб тых, дзякуючы каму жывём пад мірным небам. Перад намі, нашчадкамі пераможцаў, стаіць не менш важная задача – выйграць іншую, інфармацыйную вайну. Мы не баімся гаварыць аб значнасці Вялікай Перамогі, таму што праўда за намі. Год гістарычнай памяці дае магчымасць грамадству, кожнаму з нас, нанова ўсвядоміць тую цану, якую заплацілі беларусы за шматвяковае імкненне мірна жыць і працаваць на роднай зямлі. Мы не дапусцім фальсіфікацыі гістарычных фактаў, даможамся прызнання на міжнародным узроўні генацыду беларускага народа, захаваем агульнае гераічнае мінулае і перададзім праўду будучым пакаленням».

Уладзімір Цумараў падзякаваў ветэранам за іх подзвіг і адзначыў, што дзеля незалежнасці і будучыні сваёй Айчыны яны вынеслі непасільныя пакуты, праявілі нязломны характар, волю і адзінства, знішчылі жорсткага ворага і прынеслі свабоду шматлікім народам. Не толькі адстаялі краіну, але і тытанічнай цяжкасцю аднавілі яе з руін і попелу. За што цяперашнія пакаленні сёння захапляюцца іх подзвігам і мужнасцю, застаючыся ў неаплатным абавязку.

«Галоўнае дзяржаўнае свята нашай краіны і ўвасабляе гераізм мінулага, і стабільнасць сучаснага, і росквіт будучыні. Абапіраючыся на слаўны прыклад стойкасці і велічы духу нашага народа, мы сёння будуем моцную, прыгожую, незалежную Беларусь. Любоў да роднай зямлі, беражлівае стаўленне да традыцый, гістарычнай памяці стануць залогам не проста захавання нацыі, але і ўзмацнення ролі і галасу нашай краіны ў глабальным сусветным супольніцтве. Сёння ад кожнага з нас залежыць мір і парадак. Цяпер асабліва востра адчуваецца, як лёгка можна страціць спакой і суверэнітэт, і якіх неймаверных намаганняў варта ўсё гэта захаваць. Урокі гісторыі вучаць: здабыць незалежнасць – мала. Трэба ўмець яе абараніць, абараніць і зберагчы», – рэзюмаваў Уладзімір Цумараў.

У святочнай абстаноўцы таксама адбылася цырымонія ўзнагароджання Ганаровымі граматамі Магілёўскага гарвыканкама. За шматгадовую добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм узнагароды ўручаны кандытару булачна-кандытарскай кампаніі «Дамачай» Вользе Аўсейкавай, слесару завода «Магілёўліфтмаш» Аляксандру Сазановічу, токару філіяла ААТ «БелАЗ» – кіруючая кампанія холдынгу «БелАЗ-ХОЛДЫНГ “Магілёўскі аўтамабільны завод імя С. М. Кірава”» Вадзіму Лябёдкіну, загадчыку аддзялення сацыяльнай дапамогі дома ЦСАН Ленінскага раёна горада Магілёва Ларысе Бязвадзіцкай.

Святочную праграму працягваюць мерапрыемствы на шматлікіх пляцоўках горада. Завершацца ўрачыстасці канцэртам на плошчы Славы, агульнарэспубліканскай акцыяй «Праспяваем гімн разам!» і феерверкам.

 

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч