• Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Рыцарскія турніры і свята сярэднявечнай культуры пройдуць у Мсціславе

01.08.2022

Рыцарскія турніры і свята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст. Мсціслаў – 2022» пройдуць 6 жніўня. Пра гэта паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама.

Традыцыйны фестываль сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст. Мсціслаў» сёлета прапануе гасцям свята насычаную творчую праграму. Тэматычныя інтэрактывы, разнастайныя актыўнасці, выставы-кірмашы вырабаў ручной працы, экскурсіі, тэматычныя квэсты і сапраўдныя рыцарскія бітвы – на працягу дня ўвесь горад ператворыцца ў вялікую фестывальную пляцоўку.

З 11.00 да 12.00 гасцей сярэднявечнага свята чакае тэатралізаваная сустрэча на фарпостах горада. У гэты ж час пачне працаваць «Горад майстроў», розныя атракцыёны і кірмашы. Яны размесцяцца на вуліцах Савецкай, Пірагоўскай, Калініна і Юрчанкі. Урачыстае адкрыццё фестывалю пройдзе на цэнтральнай плошчы горада а 12.00.

Асноўным месцам дзеяння стане Замкавая гара. Ля ўваходных брамы пройдзе кулінарны конкурс сярэднявечнай кухні. А 13.30 пачнецца тэатралізаваная праграма «Коннае паляванне ў Вялікім Княстве». Яго прадставіць конна-гістарычны клуб «Залатая шпора». Пасля гэтага гасцям свята прадэманструюць шоу хадулістаў ад вогненнага цырка «Крэсіва» з Мінска. Завершаць першы блок бугурты і баі пешых рыцараў у фарматах 3х3 і 1х1.

А 16.00 стартуе канцэрт фольк-гурта «Хмельны вір» і майстар-клас па сярэднявечных танцах. Працягнецца праграма тактычнымі бугуртамі па захопе сцяга і ахове караля. Пасля гледачы змогуць убачыць відовішчныя масавыя бітвы і турнір лучнікаў.

Вячэрнюю праграму фестывалю адкрыюць а 18.00 рыцарскія конныя забавы, якія прадэманструе клуб «Залатая шпора». Пасля можна будзе паслухаць гурт «Хмельны вір». Закрываць гэты блок будуць прадстаўнікі з Маладзечна, якія рыхтуюць паказальныя выступленні і трукавае шоу клуба «Шатландская пяхота».

Далей а 20.30 яшчэ адзін блок мерапрыемстваў адкрые выступленне гімнасткі з хулахупамі і цыркавы нумар-антыпод ад вогненнага цырка «Крэсіва». Сваю творчасць гасцям фестывалю падорыць сталічны гурт KaS. А 21.20 стартуе відовішчная тэатралізацыя па штурме замка. Увечары адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў турніраў і ўдзельнікаў фестывалю.

Ноччу арганізатары падрыхтавалі для гасцей «Рыцарскага фэста» яркую праграму, якую адкрые а 23.00 вогненны цырк «Крэсіва». Працягнецца свята канцэртам гурта з Мсціслава «Адамант», пасля якога Магілёўскі фаер-шоу-клуб «Маори» прадэманструе віртуознае валоданне вогненным рэквізітам. Бліжэй да поўначы на галоўную сцэну фестывалю выйдзе гурт «Троль гнёт ель» з Санкт-Пецярбурга.

Працягнецца фестываль сярэднявечнай дыскатэкай і працай кінатэатра пад адкрытым небам.

БЕЛТА