•  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Школе-інтэрнату ў Магілёве накіравана Br15 тыс. на набыццё медабсталявання

09.03.2022

Беларускі дзіцячы фонд накіраваў Магілёўскай школе-інтэрнату для дзяцей, хворых на скаліёз, каля Br15 тыс. на набыццё спецыяльнага медыцынскага абсталявання. Пра гэта паведаміў дырэктар установы адукацыі Яўген Рудакоўскі.

«Сродкі вылучаны на набыццё медыцынскіх кушэтак для карэкцыі пазваночніка ў колькасці 26 штук, – адзначыў Яўген Рудакоўскі. – Новае абсталяванне ўстаноўлена ў 3 навучальных кабінетах, дзе праходзяць заняткі. Там ужо ёсць у наяўнасці сталы, за якімі займаюцца дзеці ў спецыяльных утрымлівальных гарсэтах. Кушэткі будуць выкарыстоўвацца дзецьмі падчас вучэбных заняткаў: на іх зручна рабіць урокі лежачы».

Да цяперашняга моманту ў школе не было такіх сучасных і функцыянальных кушэтак. Абсталяванне спраектавана так, што ёсць магчымасць для разгрузкі пазваночніка: падымаюцца спінная і грудная секцыі, маецца магчымасць ступеньчатага рэгулявання вугла іх нахілу. Пры жаданні дзіця можа прысесці на кушэтку – зноў жа з карэкцыяй і апорай. Спецыялізаваная мэбля незаменная пры правядзенні заняткаў па чытанні і пісьме. Акрамя таго, яна вытрымлівае шматразовую вільготную ўборку і дэзынфекцыю, што немалаважна ва ўмовах пандэміі.

«Такая ўвага з боку грамадства і дзяржавы вельмі важная для любой установы адукацыі, асабліва калі гэта тычыцца спецыялізаванай навучальнай установы, – лічыць Яўген Рудакоўскі. – Гэта не толькі ўмацоўвае матэрыяльна-тэхнічную базу, але і ў першую чаргу паказвае неабыякавыя адносіны да дзяцей, якія адчуваюць пэўныя праблемы са здароўем. Такая ўвага дарагога каштуе і дае магчымасць сумеснымі намаганнямі ўсіх зацікаўленых структур дапамагаць дзецям ісці на папраўку, усяляе ў іх веру ў станоўчы зыход лячэння».

У школе-інтэрнаце навучаецца 107 дзяцей з 3 па 9 класы. Плануецца, што з часам усе навучальныя кабінеты будуць дакамплектаваны такімі кушэткамі. Для гэтага будуць выкарыстоўвацца як уласныя сродкі, так і спонсарская дапамога. Дарэчы, абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адбываецца пастаянна. Так, у гэтым навучальным годзе была набыта новая мэбля, зараз дзякуючы спонсарскай дапамозе РУП «Магілёўаблгаз» устанаўліваецца новая сістэма відэаназірання на ўсёй тэрыторыі школы – як унутры, так і звонку.

БЕЛТА