• Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі

Каля 270 тыс. чалавек выйшлі на рэспубліканскі суботнік у Магілёўскай вобласці

16.04.2022

Каля 270 тыс. чалавек выйшлі на рэспубліканскі суботнік у Магілёўскай вобласці. Пра гэта паведаміў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка падчас суботніка.

Старшыня і кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама, а таксама прадстаўнікі Клічаўскага райвыканкама і мясцовыя жыхары працавалі сёння на мемарыяле ў памяць аб спаленых вёсках Вязень і Сялец. Тут яны высадзілі больш за 200 дрэў і кустоў, а таксама заклалі ліпавую алею, якая вядзе да помніка «Расколатая хата».

«Сёння падчас суботніка мы асаблівую ўвагу надаём месцам воінскай славы, пахаванняў, мемарыяльным комплексам, каб не толькі добраўпарадкаваць іх. Мы заўсёды падтрымліваем парадак на памятных месцах. Але ў Год гістарычнай памяці гэта асабліва важна і сімвалічна. Нашы работы сёння тут – гэта яшчэ і даніна памяці тым, хто абараняў і вызваляў нашу Радзіму, хто бязвінна загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, – адзначыў Анатоль Ісачанка. – Толькі ўдумайцеся ў гэтыя лічбы: на тэрыторыі Магілёўскай вобласці больш за 1,7 тыс. воінскіх пахаванняў, у якіх пахавана больш за 333 тыс. чалавек. Гэта нашы людзі, якія загінулі, абараняючы для нас мірнае неба, пад якім мы жывём. І, вядома, жыхары Магілёўскага краю працуюць сёння не толькі ў дварах, скверах і парках, на тэрыторыі прадпрыемстваў і навучальных устаноў, але і на месцах масавых пахаванняў».

Па словах старшыні Магілёўскага аблвыканкама, у Год гістарычнай памяці мы павінны зрабіць усё, каб не толькі працягнуць закладзеныя ў Беларусі традыцыі, але і надаць ім яшчэ большы імпульс. «Бо сёння многія нейкім чынам хочуць пераблытаць гісторыю. І, на мой погляд, гэта блюзнерства. Калі знаходзішся ў такіх месцах (як Вязень і Сялец. – Заўвага. БелТА), каля мемарыяла «Расколатая хата», дзе ў жніўні 1942 года было спалена 140 мірных жыхароў: дзяцей, жанчын і старых, – асабліва востра разумееш, як важна захоўваць праўдзівую гісторыю пра тыя страшныя падзеі. Бо няма нічога важнейшага за мірнае неба», – падкрэсліў Анатоль Ісачанка.

Удзельнікі суботніка высадзілі сёння ля мемарыяла спаленым вёскам дрэвы: ліпы, туі, рабіны, плакучыя вярбы і бярозы, розныя кусты. Як падзяліўся ваенны камісар Магілёўскай вобласці і старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Аляксандр Гарошкін, нягледзячы на надвор’е, людзі актыўна выйшлі на суботнік.

«У нашай краіне ёсць выдатная традыцыя, якая была закладзена нашымі продкамі – праводзіць суботнікі, калі людзі ў адным парыве выходзяць наводзіць парадак каля свайго дома, у значных і памятных месцах. Але асабліва прыемна працаваць на такіх святых месцах, дзе працуем мы сёння на Клічаўскай зямлі», – падзяліўся ён.

Як адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, жыхары Магілёўскай вобласці заўсёды падтрымліваюць добрую традыцыю суботніка. «Сёння ўся краіна сабралася на знакавых месцах, якія засталіся на нашай зямлі шнарамі Вялікай Айчыннай вайны. І сёння прыйшоў час не толькі паклонам аддаць даніну памяці загінулым, але і сваім удзелам у адраджэнні знакавых месцаў. Летась мы скончылі рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу «Усакіна» і спаленых вёсак Вязень і Сялец, – адзначыў ён. – Сваёй працай мы шануем памяць бязвінна забітых тут людзей. Гэта наша спадчына, якую мы не толькі абавязаны памятаць, але і захоўваць для наступных пакаленняў».

Пасля завяршэння работ удзельнікі суботніка ўшанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны – усклалі кветкі да мемарыялаў «Расколатая хата» і «Усакіна».

Вёскі Вязень і Сялец у Клічаўскім раёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны падзялілі лёс Хатыні: у жніўні 1942 года карнікі жывымі спалілі населеныя пункты разам з мясцовымі жыхарамі. Ахвярамі стала 140 чалавек. У 1985 годзе ў памяць аб ахвярах нацызму ўзвялі мемарыяльны комплекс «Усакіна», у склад якога ўваходзіць брацкая магіла і партызанскі лагер. Непадалёк ад яго знаходзіцца помнік «Расколатая хата», прысвечаны вёскам Вязень і Сялец. У 2021 годзе комплекс быў адкрыты пасля рэстаўрацыі.

БЕЛТА