• Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі

Магілёўскі інвестфорум у чарговы раз даказаў – пляцоўка эфектыўная для развіцця бізнес-ідэй

16.08.2022

Інвестыцыі даюць ўсходы

Магілёўскі раён чацвёртым разам стаў пляцоўкай для сустрэчы бізнес-колаў і ўлады. У вёсцы Салтанаўка прайшоў інвестыцыйны форум «Магілёўскі раён – тэрыторыя магчымасцяў», які сабраў каля 500 удзельнікаў з 11 краін. Стаўка на інвестыцыі (а на сустрэчы заключана каля 30 дагавораў і кантрактаў) апраўдана. На нядаўнім пасяджэнні Савета міністраў з удзелам Прэзідэнта вызначана асноўная стратэгія развіцця эканомікі. У ёй тры складнікі: экспарт, інвестыцыі і спажыванне.

За чатыры гады форум стаў запатрабаванай пляцоўкай для прадметнага дыялогу ўлады і бізнесу, айчынных і замежных дзелавых колаў. Вітаючы ўдзельнікаў, старшыня Магілёўскага райвыканкама Алег Чыкіда адзначыў:

– Форум спрыяе ўмацаванню партнёрскіх сувязяў, адкрыццю дарог для маштабных інвестыцыйных праектаў і сумесных бізнес-ініцыятыў. У выніку павялічыўся агульны аб’ём заключаных інвестыцыйных дагавораў і пагадненняў.

Дарэчы, за апошнія тры гады ў эканоміку раёна прываблена інвестыцый на больш чым 1,3 мільярда рублёў. Прадпрыемствы экспартавалі прадукцыю ў 50 краін свету, а гэта больш за 2 мільярды долараў. Сучасны этап развіцця эканомікі наглядна паказвае, упэўнены Алег Чыкіда, што інавацыйны шлях гарантуе ўстойлівы эканамічны рост любой дзяржавы:

– Прыярытэт развіцця рэгіёна – павышэнне канкурэнтаздольнасці і інавацыйнай прывабнасці. Ва ўмовах складанай геапалітычнай сітуацыі Магілёўскі раён паслядоўна атрымлівае высокія паказчыкі. Сёння яго характарызуюць выгаднае геаграфічнае становішча, наяўнасць на яго тэрыторыі участкаў СЭЗ «Магілёў», высокі кадравы патэнцыял, спрыяльны інвестыцыйны клімат і цэлы шэраг прэферэнцый. Мы зацікаўлены ў дыялогу дзяржавы і бізнесу і гарантуем паўнавартасную падтрымку на ўсіх этапах рэалізацыі новых праектаў.

Аграрная пляцоўка форума сабрала вядучыя сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна, фермерскія гаспадаркі, а таксама прамысловыя прадпрыемствы, якія маюць добры вопыт супрацоўніцтва з сельгаспрадпрыемствамі. Першы намеснік старшыні начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага райвыканкама Алег Маслак адзначыў, што сустрэча прайшла прадуктыўна:

– У нас была магчымасць абмеркаваць надзённыя пытанні, пагаварыць аб інвестыцыйнай прывабнасці. У нашых тэрыторый яна ёсць. Магілёўскі раён у ліку лідараў па вытворчасці сельгаспрадукцыі ў вобласці. На яго долю прыпадае 31 працэнт вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі рэгіёна.

Пяць аграпрадпрыемстваў раёна актыўна працуе з інвестарамі. Да прыкладу, ААТ «Цішоўка» заключыла дагавор аб супрацоўніцтве з кампаніяй «Гермес-Траст», якая дапамагае ва ўборцы ўраджаю, рэканструкцыі памяшканняў, будаўніцтве.

– Такая сумесная праца важная для нас, таму што гэта ўплывае на павелічэнне вытворчасці прадукцыі, – упэўнены Алег Маслак. – Яшчэ адзін прыклад – ААТ «Фірма “Кадзіна”»: сумесна з «МінералАграСаюзам» вырошчвае гародніну закрытага грунту. ААТ «Палыкавічы» заключыла дагавор з ПУП «ДИМдизель-техно» па рамонце сельгастэхнікі. У добрых вытворчых адносінах ААТ «Магілёўскі лянок»і ААТ «Магілёўскае насенне траў». Таксама ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага райвыканкама заключыла з РУП «Магілёўэнерга» пратакол аб намерах аб укладанні інвестыцый у філіял «Вендараж»: на працягу 2022–2023 гадоў уліванні складуць 6 мільёнаў рублёў. У выніку гаспадаркі маюць годную выгаду. Задачы, якія ставім у Магілёўскім раёне па вытворчасці прадукцыі, пры нашай сумеснай працы будуць дасягнуты.

На інвестыцыі робяць стаўку ў ААТ «Цішоўка». Перад гаспадаркай, зразумела, цяпер стаяць бягучыя задачы. Дырэктар прадпрыемства Віталь Фомкін пералічвае:

– Прыбіраем, падрыхтоўваем глебу, актыўна сеем рапс. Таксама ўносім угнаенні, затым прыступім да апрацоўкі глебы гербіцыдамі. Аднак працуем і ў інвестыцыйным кірунку. Прыватнае прадпрыемства «Гермес-Траст» аказвае нам усялякую дапамогу па вывазцы збожжа і кармоў, будаўніцтву. Наша супрацоўніцтва доўжыцца каля трох гадоў і пастаянна развіваецца.

Кампанія дапамагала сельгаспрадпрыемству правесці рэканструкцыю жывёлагадоўчага памяшкання на комплексе ў Семукачах. Сёлета плануецца абнаўленне другога падобнага аб’екта. Гэта і ёсць па-сапраўднаму дзелавыя адносіны, лічыць Віталь Фомкін:

– Нягледзячы на тое што ў нас немалая колькасць тэхнікі, у такія напружаныя перыяды, калі трэба максімальна яе падключаць да вывазу збожжа і кармоў, патрабуецца іншая дапамога. Мы звяртаемся – і нам аказваюць усялякае садзейнічанне.

СБ