•  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі

XX Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» збярэ ў Клімавічах каля тысячы ўдзельнікаў з шасці краін

24.05.2022

Прэс-канферэнцыя, прысвечаная юбілейнаму XX Міжнароднаму фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка», які з 26 па 29 мая збярэ на гасціннай клімавіцкай зямлі таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, адбылася сёння ў Магілёве. Арганізатары расказалі аб праграме свята, колькасці і складзе ўдзельнікаў, арганізацыйных момантах. Удзел у прэс-канферэнцыі прынялі начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Алег Стэльмашок, дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы Алег Хмялькоў, намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама Наталля Глушакова.

«У гэтым годзе «Залатая пчолка» праходзіць на Магілёўшчыне ўжо 20-ым разам. Гісторыя фестывалю пачалася на Клімавіцкай зямлі ў 1996 годзе, і за гэтыя гады ён адразу ж вырас са свята мясцовага значэння ў рэгіянальнае, затым яно стала абласным, а неўзабаве – міжнародным. За два дзясяткі гадоў 26 краін-удзельніц пабывалі на Клімаўшчыне і вяртаюцца туды з году ў год. Першапачаткова мерапрыемства задумвалася да Дня абароны дзяцей, і гэту традыцыю мы выконваем, таму ўжо ў найбліжэйшыя дні Клімавічы рыхтуюцца сустракаць гасцей, – расказаў Алег Стэльмашок. – Запатрабаванасць свята не падлягае сумневу. Летась давялося адмовіцца ад яго правядзення праз пандэмію, але ўжо ў гэтым годзе творчыя калектывы з радасцю адгукнуліся на запрашэнне. У фестывальным руху прыме ўдзел каля 1 тыс. чалавек з шасці краін: Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Узбекістана. У конкурснай праграме выступіць 540 дзяцей, з іх 112 – з-за мяжы.

Асаблівасцю гэтага фестывалю традыцыйна стане высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства ўдзельнікаў і высокапрафесійнае журы. Чакаецца правядзенне шэрагу майстар-класаў».

Як адзначыў Алег Стэльмашок, фестывальны рух на Магілёўшчыне вельмі развіты, у тым ліку і адносна дзіцячай творчасці. І многія таленавітыя дзеці, стартаваўшы на творчай пляцоўцы той жа «Залатой пчолкі», пасля годна прадстаўлялі сваю краіну далёка за яе межамі.

«Адным з напрамкаў дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца падтрымка таленавітай моладзі. Менавіта таму наша вобласць багатая на фестывальныя традыцыі. Шэраг брэндавых для рэгіёна мерапрыемстваў стаў шырока вядомым не толькі на тэрыторыі краіны, але і за яе межамі: свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), музычны фестываль «Залаты шлягер», моладзевы тэатральны форум «М.@rt.Кантакт», фестываль «Анімаёўка» і, вядома ж, фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка». Яны дазваляюць удзельнікам прадэманстраваць свой талент, абмяняцца вопытам, творча развівацца. Так, у Магілёўскай вобласці ў 2021 годзе спецыяльным фондам Прэзідэнта адзначаны 142 чалавекі, у 2020-м іх было 57. І такія мерапрыемствы, як «Залатая пчолка», дапамагаюць выяўляць, падтрымліваць і суправаджаць таленавітых дзяцей, рэалізуючы іх творчыя здольнасці, дапамагаючы расці ў абраным кірунку».

У сваю чаргу, Алег Хмялькоў падкрэсліў, што адзін з важных складнікаў фестывалю – конкурс, які праходзіць сярод творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў ва ўзросце ад 9 да 18 гадоў у трох намінацыях – вакальнае, харэаграфічнае і выяўленчае мастацтва.

«Раней мы не практыкавалі запрашэнне ўдзельнікаў па кірунку выяўленчага мастацтва і праводзілі конкурс работ дыстанцыйна. Аднак ужо два гады да нас прыязджаюць маленькія мастакі і ў межах конкурсу праводзіцца пленэр, экспануюцца іх працы, – падзяліўся Алег Хмялькоў. – Сёлета мы прымаем шэсць краін. Праграма свята чакаецца насычанай і цікавай.

У першы дзень запланаваны заезд удзельнікаў і экскурсійная праграма. А з 27 мая пачынаюцца конкурсныя праслухоўванні і прагляды па жанрах. Сярод членаў журы – заслужаныя дзеячы культуры і мастацтваў, вядомыя артысты, педагогі творчых дысцыплін з Беларусі і Расіі. Таксама 27–28 мая ў гарадскім парку будзе арганізавана работа творчай пляцоўкі ўстаноў культуры рэгіёна «У свеце гульні і цацкі» з выставай-продажам майстроў і ўмельцаў, прэзентацыяй беларускіх народных традыцыйных гульняў. Акрамя таго, будзе працаваць пляцоўка ўстаноў прафесійнай адукацыі «Праекты будучыні» і фотасушка #Залатая пчолка з дэманстрацыяй здымкаў за ўсю гісторыю правядзення фестывалю.

У канцы конкурснага дня 27 мая а 20.30 адбудзецца ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Юбілейная праграма будзе цікавай і насычанай, але не будзем загадзя адкрываць усе сакрэты. Скажам толькі, што мы запрасілі шмат артыстаў, чакаецца выступленне салістаў Маладзёжнага тэатра эстрады і шмат іншых цікавых нумароў.

Гледачам прадставяць праграму «Залатая пчолка. 20 гадоў разам». А 28 мая ў раённым Цэнтры культуры і Клімавіцкай дзіцячай школе выяўленчых мастацтваў пройдзе цырымонія ўручэння дыпломаў удзельнікам, круглыя сталы па розных жанравых напрамках. Узнагароджанне лаўрэатаў і заключны гала-канцэрт «Залатое сузор’е талентаў» запланаваны 28 мая а 13.00. Завершыць дзень канцэртная дыска-праграма «Падарунак фестывалю». 29 мая будзе працаваць прэзентацыйная выставачна-гандлёвая пляцоўка «Клімавічы запрашаюць», пройдуць спартыўна-забаўляльная маладзёжная акцыя «Тата, мама, я – спартыўная сям’я», конкурсная праграма «Міс Залатая пчолка», маладзёжны марафон «Будучыня за намі».

Як рыхтуецца Клімавіцкі раён да сустрэчы фестывалю, расказала Наталля Глушакова:

«Для нашага раёна гэта доўгачаканая падзея. Гэта наша візітная картка. Фестываль стаў добрай традыцыяй, якую мы плануем падтрымліваць і далей, каб фестываль прырастаў і развіваўся. Гэта сапраўднае свята дзяцінства і творчасці.

Сёлета мы таксама падрыхтавалі цікавую, насычаную культурную праграму з гульнямі, забавамі, конкурсамі. У гандлёвых радах шырока будуць прадстаўлены тавары для дзяцей.

Наша «Пчолка» жыве і развіваецца шмат у чым таму, што ўдзельнікі фестывалю вязуць з сабой самыя цёплыя ўражанні аб гасціннасці і добразычлівасці нашых людзей, аб прыгажосці нашага краю.

Горад гатовы да сустрэчы гасцей, мы запрашаем усіх жадаючых далучыцца да свята і пранікнуцца яго атмасферай».

Юлія Таранава, фота аўтара