«Кожная пятніца – роднае, сваё»: вучні Буйніцкай сярэдняй школы далучыліся да праекта

«Кожная пятніца – роднае, сваё» – пад такім дэвізам у Беларусі стартаваў незвычайны праект, які дае кожнаму магчымасць падтрымаць усё самае блізкае і дарагое – нашу культуру, мову, традыцыі і вытворцаў.

Ініцыятарам праекта выступіла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі. Менавіта гэта ведамства прапанавала рабіць свядомы выбар на карысць якаснага, свайго, роднага. Ідэя простая, але глыбокая: зрабіць кожную пятніцу днём усяго беларускага.

Зроблена ў Беларусі

Выбар на карысць свайго – гэта прасцей, чым здаецца. Кожны дзень, заходзячы ў крамы, мы бачым на паліцах шырокі асартымент тавараў з маркіроўкай «зроблена ў Беларусі». Гэта не толькі якасныя харчовыя тавары. Асартымент значна шырэй: гэта і надзейная бытавая тэхніка, і мэбля, і будаўнічыя матэрыялы, і тавары для дома, якасць якіх не саступае імпартным аналагам.

Мода па-беларуску

Асобнай увагі заслугоўвае беларуская лёгкая прамысловасць. Сёння адзенне і абутак айчынных брэндаў – гэта не проста практычнасць і даўгавечнасць, але і актуальны дызайн. Многія мясцовыя дызайнеры набіраюць папулярнасць, ствараючы калекцыі, у якіх спалучаюцца сучасныя тэндэнцыі і нацыянальныя матывы. Выбіраючы іх, мы ўносім уклад у развіццё беларускай моды і дапамагаем раскрыцца мясцовым талентам.

Гукі роднага краю

Падтрымаць праект можна і культурна, уключыўшы беларускую музыку. Музычная сцэна Беларусі неверагодна разнастайная – ад народных матываў да сучасных кампазіцый, напоўненых шчырасцю і любоўю да сваёй зямлі.

Сіла роднага слова

І, вядома, аснова праекта – гэта беларуская мова. Гаварыць і чытаць на ёй – значыць захоўваць жывую сувязь з культурай і гісторыяй. Гэта магчымасць адкрыць для сябе яе багацце і прыгажосць.

Школьнікі пра родную мову

У Беларусі да акцыі далучаюцца тысячы людзей, арганізацыі і ўстановы. Не сталі выключэннем і школы. Напрыклад, у гуртку юнага журналіста Буйніцкай сярэдняй школы, які курыруе «Прыдняпроўская ніва», таксама падтрымалі ініцыятыву. Тут прайшоў асаблівы занятак. Ён быў прысвечаны не проста тэорыі, а жывой беларускай мове – яе мінуламу, сучаснасці і будучыні.

Занятак пачаўся з размовы пра тое, што мова – гэта не застылы падручнік,а дынамічная сістэма. Школьнікі сталі на час «лінгвістычнымі дэтэктывамі». Яны разам даследавалі цікавыя, часам забытыя, але такія вобразныя спрадвечна беларускія словы.

Абмяркоўвалася, што беларуская мова не стаіць на месцы, яна актыўна ўбірае новыя з’явы і стварае для іх свае назвы.

Рабяты не проста даведаліся пра новыя выразы, а таксама абмеркавалі, узбагачаюць яны мову ці, наадварот, засмечваюць яе. Слэнг – гэта натуральны працэс, які адлюстроўвае жыццё пакалення. Важна не забараняць яго, а імкнуцца да таго, каб новыя словы арганічна ўпляталіся ў сучасную мову.

Адна з вучаніц, Валерыя Новікава, прачытала верш уласнага сачынення, напісаны на беларускай мове:

Маё роднае месца – празрысты, прыгожы куток.

Лясы і палі тут ёсць, ёсць усё, што прыдумаць не змог.

Людзі тут працу любяць, краіна – каштоўнасць для іх,

Яны паважаць яе будуць заўсёды, ва ўсе гады.

І колькі тут войн прахадзіла, але адстаялі яны –

Салдаты нашай краіны, без іх бы мы не змаглі.

І шмат было тут падзей, і шмат пакаленняў людзей,

І ўсе ганарыліся ёй – краінай маёй дарагой!

Гэта стала жывым увасабленнем любові да роднага слова і доказам таго, што праект знаходзіць шчыры водгук у сэрцах моладзі.

«Кожная пятніца – роднае, сваё!» – гэта больш, чым праект. Такія ініцыятывы – важны крок да захавання нашай самабытнасці. Далучайцеся і вы: кожная пятніца – выдатная нагода стаць бліжэй да свайго, роднага, беларускага!

Наступным этапам стала ажыўленая дыскусія аб сучаснай беларускай мове. Юныя журналісты актыўна дзяліліся прыкладамі таго, якія беларускія словы яны чуюць у паўсядзённых зносінах. А таксама даведаліся пра новыя выразы, якія можна выкарыстоўваць у сацсетках і мэсэнджарах.

 

Аксана ПЛЕСКАНЁВА, фота аўтара, pniva.by

Поделиться