• Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Каманда "Кадзiнскія львы" стала сярэбраным прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў "Залатая шайба"

25.03.2024
У Мінску на малой арэне "Чыжоўка-Арэна" з 20 па 22 сакавіка праходзіў фінал у старэйшай узроставай групе дывізіёна "Б" рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі "Залатая шайба" на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У спаборніцтвах дывізіёна "Б" прымалі ўдзел каманды з гарадоў і раёнаў краіны, дзе няма крытых лядовых арэн. У фінал выйшлі пяць наймацнейшых, і ў іх ліку каманда з Магілёўскага раёна "Кадзiнскія львы". Па выніках лядовых сустрэч з юнымі хакеістамі з Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці, Гомельскага раёна Гомельскай вобласці, Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці, Вілейскага раёна Мінскай вобласці каманда "Кадзiнскія львы" пад кіраўніцтвам трэнера Леаніда Камарова заняла ганаровае другое месца. І гэта ўжо дзясяты трафей, заваяваны камандай у фінале "Залатой шайбы"! Акрамя каманднага "серабра" хакеісты з Кадзіна вызначыліся і ў асабістых намінацыях: лепшым бамбардзірам турніру быў прызнаны Арцём Бусаў, а Радзівон Давідовіч увайшоў у сімвалічную пяцёрку лепшых. Пасля ўзнагароджання, якое адбылося падчас урачыстага закрыцця турніру, рабят чакала яшчэ адна прыемная падзея: у Кадзіна была арганізавана сустрэча ўладальнікаў сярэбраных медалёў прэстыжнага турніру. Хакеісты і трэнеры пачулі шмат захопленых слоў у свой адрас з боку старшыні ДУ "Магілёўскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб" Надзеі Котавай, кіраўніцтва і педагогаў Кадзінскай сярэдняй школы, родных і блізкіх. І кожнае сказанае віншавальнае слова было абсалютна заслужаным: той узровень, які на працягу многіх гадоў дэманструе каманда з Кадзіна, – прыклад сапраўднага спартыўнага характару, упартасці і ўмення пераадольваць любыя перашкоды!