•  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

У Магілёўскім раёне прыступілі да рамонту дарог, некаторыя ўчасткі ўжо адрамантаваны

09.04.2024
Роўная дарога ў Горную Вуліцу

Вясна сёлета выдалася ранняя, дарожнікі прыступілі да працы. У вёсцы Горная Вуліца Магілёўскага раёна раней была грунтавая дарога. Кожны раз пасля дажджоў ці вясновага раставання снега праехаць па ёй станавілася праблемай. Вяскоўцы звярнуліся да мясцовай улады, і ўчастак шляху працягласцю 0,8 кіламетра з улікам фінансавання ўключылі ў Дзяржаўную праграму "Дарогі Беларусі" на 2021—2025 гады. Нядаўна тут выканалі комплекс работ, абклалі жвіровае пакрыццё.

Неўзабаве пасля завяршэння работ на імя генеральнага дырэктара КУП "Магілёўаблдарбуд" Ігара Нікітко прыйшоў ліст падзякі ад аднаго з уладальнікаў зямельнага ўчастка ў гэтай вёсцы. Аўтар дзякуе дарожнікам за добрую арганізацыю і якасць рамонту, адзначае, што зараз у Горную Вуліцу бесперашкодна праязджаюць усе службы, і выказвае ўпэўненасць, што новае дарожнае пакрыццё зробіць вёску яшчэ больш прывабнай для жыцця.

Атрымліваць такія лісты заўсёды прыемна, дарожнікі імкнуцца хутчэй парадаваць сваёй працай і жыхароў іншых населеных пунктаў раёна. Практычна завершаны рамонт участка працягласцю 1,055 кіламетра Прысна — Севасцьянавічы. Тут аднавілі асфальтабетоннае пакрыццё. У Прысна ходзіць маршрутка, кіроўцы якой прасілі адрамантаваць дарогу, і іх пачулі.

На абодвух пералічаных вышэй аб'ектах працавалі работнікі ДРБУ-128 — філіяла КУП "Магілёўаблдарбуд".

Як распавёў начальнік ДРБУ-128 Дзмітрый Канцавы, дарогі рамантуюцца не толькі пасля звароту грамадзян: раённыя ўлады і профільныя прадпрыемствы імкнуцца працаваць на апярэджанне, не чакаючы зваротаў людзей. Штогод дарогі абследуюцца камісійна, складаюцца дэфектныя акты, на падставе якіх найбольш праблемныя ўчасткі ўключаюцца ў планы першачарговага рамонту. Усяго ДРБУ-128 абслугоўвае амаль 921 кіламетр мясцовых аўтадарог раёна, 29 мастоў агульнай працягласцю амаль 0,75 кіламетра.

У момант падрыхтоўкі матэрыялу дарожнікі ўкладвалі асфальт на ўчастку Вендарож — Бялевічы — Семукачы — Алень, працягласцю 1,7 кіламетра.

- Фінансаванне бягучых рамонтаў мясцовай сеткі аўтадарог у Магілёўскім раёне ў 2024-м у параўнанні з мінулым вырасла больш чым удвая, -пракаментавалі ў ДРБУ-128. - У планах прадпрыемства на гэты год - асвоіць 13,1 мільёна рублёў, увесці ў эксплуатацыю 44,7 кіламетра аўтадарог. Для гэтага неабходна выпусціць і абкласці больш за 47 тон асфальтабетону.

У ліку асноўных аб'ектаў — больш за паўтара кіламетра аўтадарогі Купелы — Мікалаеўка — Палавінны Лог: тут замест жвіровага пакрыцця зробяць асфальтабетоннае. На пад'ездзе да вёсак Машэнакі і Чаромшкі, а таксама на аўтадарозе Сухары — Харошкі — Рыкі дарогу адрамантуюць. Жыхары вёскі Селішча папрасілі прывесці ў парадак прыпыначны пункт на ўездзе ў вёску, іх пажаданне таксама будзе выканана.

А вось дарогі рэспубліканскага значэння ў Магілёўскім раёне (328 кіламетраў) — у зоне адказнасці ДЭУ‑71 РУП "Магілёўаўтадар". Іх асфальтаўкладчыкі не так даўно можна было бачыць на Магілёўскай кальцавой — адрамантавалі асфальтабетоннае пакрыццё працягласцю 2,8 кіламетра.

Начальнік ДЭУ‑71 Сяргей Свірэйка адзначыў:

— Таксама да 26 красавіка мы падрыхтуем дарогі да эксплуатацыі ў вясенне‑летні перыяд: выканаем ямачны рамонт, прыбярэм па неабходнасці дрэвы, абновім, падфарбуем дарожную разметку, прыпыначныя павільёны, бартавыя камяні, бар'ерныя агароджы. Працу трэба правесцi вялікую, але наш калектыў, упэўнены, справіцца.

ДАВЕДКА "СГ"

На рамонт і ўтрыманне мясцовых дарог у Магілёўскай вобласці сёлета дзяржавай выдаткоўваецца 160 мільёнаў рублёў. Дзякуючы фінансаванню будзе адрамантавана ў два разы больш - 500 кіламетраў дарог. Для параўнання: у 2023-м на гэтыя мэты было накіравана 98 мільёнаў рублёў, што дазволіла адрамантаваць каля 200 кіламетраў дарог і шэсць мастоў.

На ўтрыманне, рамонт і будаўніцтва рэспубліканскіх аўтамабільных дарог выдзяляецца больш за 165 мільёнаў рублёў. Плануецца пачаць будаўніцтва чатырохпалоскі да Чэрыкава. Сёння актыўна вядуцца работы па праектаванні першай чаргі - ад Магілёва да Чавус. Працягваюцца работы па рэканструкцыі маста цераз Бярэзіну ў Бабруйску.