• Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Усебеларуская акцыя «Мы – грамадзяне Беларусі!» прайшла ў Магілёўскім раёне

16.03.2022

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прайшло ў аграгарадку Буйнічы Магілёўскага раёна. У межах усебеларускай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!» адбыліся цырымонія ўзнагароджання, уручэнне пашпартоў, прыём у рады БРСМ і БРПА.

– Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сімвалам свабоды і незалежнасці беларускага народа, яго шматвяковага шляху развіцця, – адзначыў старшыня Магілёўскага райвыканкама Алег Чыкіда. – Канстытуцыя ў новай рэдакцыі –гэта ўнікальны прававы дакумент, звернуты ў будучыню, створаны пры непасрэдным удзеле і волі народа. У абноўленай рэдакцыі знайшлі адлюстраванне ключавыя моманты ўсіх сфер жыццядзейнасці сучаснага беларускага грамадства, традыцыі і інавацыі, найважнейшыя прынцыпы і мэты далейшага развіцця нашай краіны. Пры гэтым захавана глыбокая сацыяльная накіраванасць дзяржаўнай палітыкі, у цэнтры якой быў і застаецца чалавек і яго дабрабыт.

Алег Чыкіда ўручыў чатырнаццаці юным прадстаўнікам Магілёўскага раёна галоўны ў іх жыцці дакумент – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Пераможцы дзіцячых форумаў, спаборніцтваў, алімпіяд і конкурсаў розных узроўняў і напрамкаў, валанцёры і члены моладзевых аб’яднанняў – кожны з запрошаных маладых людзей дамогся высокіх вынікаў у вучобе, праявіў сябе ў грамадскім жыцці, спорце і творчасці.


Кіраўнік раёна пажадаў юным грамадзянам стаць сапраўднымі патрыётамі краіны, выконваць яе законы, добрасумленна вучыцца і паважліва ставіцца да старэйшага пакалення, любіць Айчыну.

– Прымаючы на сябе такое ганаровае званне, вы павінны паспяховай вучобай, асабістымі поспехамі і дасягненнямі ўмацоўваць аўтарытэт школы, нашага раёна, – дадаў старшыня Магілёўскага райвыканкама.

Ганаровай граматай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання гандлю Рэспублікі Беларусь, граматамі Магілёўскага райвыканкама ўзнагароджаны актыўныя ўдзельнікі грамадска-палітычнага жыцця раёна.

Святочнае мерапрыемства на гэтым не завяршылася. Старшыня Магілёўскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Ярошчанка і першы сакратар Магілёўскага РК ГА «БРСМ» Кірыл Адамаў уручылі школьнікам білеты членаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Прайшоў таксама і традыцыйны рытуал прыёму ў рады піянераў –былыя акцябраты ўрачыста паабяцалі любіць сваю Радзіму, быць добрымі, сумленнымі і справядлівымі, прытрымлівацца статуту і традыцый руху, пасля чаго ганаровыя госці павязалі вучням малодшых класаў піянерскія гальштукі.

 

На працягу ўрачыстасці сваёй творчасцю радавалі работнікі культуры Магілёўскага раёна.