• Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Выбраў справу — працуй смела: маладыя спецыялісты Магілёўскага раёна расказалі аб рабоце па размеркаванні

18.03.2024

У студэнцкіх аўдыторыях зараз горача — ідзе размеркаванне, і кожны, вядома ж, хоча, каб першае працоўнае месца не аказалася першым бліном, каб першыя два гады заклалі надзейную аснову для прывабнасці будучых рэзюмэ. І калі сённяшнім выпускнікам гэта толькі трэба, то тыя юнакі, якія ВНУ скончылі летась, ужо паўгода як у прафесіі. Аб першых кроках у ёй, поспехах, адаптацыі да мясцовых умоў мы вырашылі спытаць у маладых спецыялістаў, якія размеркаваліся ў Магілёўскі раён. Усяго іх 150. Пагутарылі з самымі амбіцыйнымі.

Пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Анатоль Елтышаў працуе заатэхнікам па птушкагадоўлі на ВТУП «Птушкафабрыка «Ялец». У маладога чалавека мэтавае накіраванне з Магілёўскага райвыканкама, хаця родам ён з Касцюковіцкага раёна. 

Усвядомлена браў мэтавае, каб працаваць менавіта на птушкафабрыцы — месца прэстыжнае і з прафесійнага пункту гледжання цікавае, — кажа ён. - З самага дзяцінства даглядаў хатнюю птушку, люблю жывёл, таму выбар прафесіі глыбока ўсвядомлены. Задавальняе ўсё: адносіны з калегамі, якія заўсёды гатовы дапамагчы, графік работы. Прыемная нечаканасць - кватэра, якую вылучыла прадпрыемства

Цікава, што Анатоль сур'ёзна захапляецца пчалярствам. У яго 23 пчаласем'і, і ён заве сябе «пчаляр выходнага дня».

У раёне для павышэння прафесійнага майстэрства і прэстыжу статусу выпускнікоў пяты год праводзіцца конкурс «Лепшы малады спецыяліст». Выбраць пераможцу заўсёды цяжка, бо таленавітай моладзі шмат, аднак бухгалтар з Магілёўскага райспажыўтаварыства Крысціна Купрэева здолела заняць першае месца.

Любоў да прафесіі дзяўчыне прывіла яе бабуля, якая шмат гадоў прапрацавала ў гэтай сферы. І па шчаслівай выпадковасці бабулін прыклад і прафесійны вопыт, пра які Крысціна гаворыць з асаблівым трапятаннем, супаў з уласнымі перавагамі маладога спецыяліста.

- Першапачаткова пачынала адпрацоўваць у Гомелі, бо скончыла Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі, але мяне пацягнула назад на радзіму - я родам са Шклова. У Магілёўскім райспажыўтаварыстве з'явілася свабодная вакансія, так і замацавалася тут, — кажа Крысціна. — Працаваць па размеркаванні падабаецца, у маладых спецыялістаў дастаткова льгот, зарплата расце, адкрываецца маса магчымасцей для росту.

Гульнявыя праграмы, канцэрты, харэаграфічныя пастаноўкі — гэта ўсё Арына Гальперына, загадчыца КК Аўтаклуб» ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Магілёўскага раёна». Дзяўчына скончыла Магілёўскую дзяржаўную гімназію-каледж мастацтваў імя Яўгена Глебава, а цяпер лічыць сябе тым чалавекам, чыя прафесійная дзейнасць - гэта і любімае хобі.

- З дзяцінства захапляюся творчасцю, асабліва харэаграфіяй, і цікавасць да сцэны ніколі не згасала. Мой дзень складаецца з тэатральных пастановак, падрыхтоўкі рэквізіту і напісання сцэнара, — падзялілася ўражаннямі Арына. 

А вось Уладзіслаў Галушкін, памочнік урача па АПП з Княжыцкай амбулаторыі агульнай практыкі УАЗ «Магілёўская паліклініка № 3», медыкам хацеў стаць са школьнай лавы. Некалькі гадоў стараннай падрыхтоўкі далі свой плён - Уладзіслаў паступіў у Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж.

 

— У працэсе навучання зразумеў: хачу застацца ў гэтай прафесіі. Пасля каледжа мяне размеркавалі ў Магілёўскую паліклініку №3, ужо адтуль патрапіў у Княжыцкую амбулаторыю. Працоўным месцам задаволены, яно дае шмат магчымасцяў. Напрыклад, паўдзельнічаць у конкурсе маладых спецыялістаў і іншых разнастайных мерапрыемствах. Працаваць з пацыентамі, знаёміцца з цікавымі людзьмі - гэта выдатны вопыт, - распавёў Уладзіслаў.

Хлопец не мае намеру спыняцца на дасягнутым і будзе працягваць удасканальвацца ў сваёй прафесіі. А пакуль удалечыні ад гарадской мітусні ён дапамагае жыхарам Княжыцы і суседніх вёсак, захапляючыся іх прыязнасцю, адкрытасцю і даверам.

КАМПЕТЭНТНА

Святлана Макарэвіч, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама: 

- Да моладзі ў раёне асаблівае стаўленне. Штомесяц кіраўніцтва райвыканкама сустракаецца з маладымі спецыялістамі. Дапамагаем ім адаптавацца ў прафесіі, увесь час кантралюем умовы іх пражывання, пры магчымасці імкнемся забяспечыць жыллём або кампенсаваць кошт здымнага. Адзначу, што ініцыятыўныя і граматныя маладыя спецыялісты маюць, асабліва ў аграпрамысловым комплексе, вельмі добрыя магчымасці для кар'ернага росту.