• Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Выканана незвычайная мара: дзіцячаму дому сямейнага тыпу ў Вейна падарылі пародзістую казу

04.06.2024

Вялікая дружная сям'я Журавых з дзіцячага дома сямейнага тыпу аграгарадка Вейна прымала гасцей.

Павіншаваць дзяцей з Днём абароны дзяцей і ўручыць падарункі прыехалі начальнік аддзела па адукацыі Магілёўскага райвыканкама, старшыня Магілёўскай раённай арганізацыі ГА "Беларускі фонд міру" Наталля Колас і генеральны дырэктар РУСВП "Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства" Мікалай Арлёнак.

Яшчэ ў снежні мінулага года, калі хлопцы прымалі віншаванні з надыходзячым Новым годам, яны распавялі, што мараць завесці козачку, бо ўсе дзеці любяць сырадой. Такую незвычайную дзіцячую мару ўдалося здзейсніць дзякуючы генеральнаму дырэктару РУСВП "Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства" Мікалаю Арлёнку, які перадаў Журавым маладую козачку. І не простую, а пародзістую! 

Мікалай Уладзіміравіч адзначыў, што козы, якіх разводзяць на прадпрыемстве, прывезены з Аўстрыі. І смакавыя якасці іх малака адрозніваюцца тым, што яно саладзей і валодае гіпаалергеннымі ўласцівасцямі. А сапраўдным сюрпрызам для вялікай дружнай сям'і Журавых стала тое, што прыкладна праз пяць месяцаў іх новая жыхарка дасць прыплод. Таму наперадзе ў дзяцей шмат новых эмоцый і прыемных клопатаў. 

- Гэтая козачка дапаможа прывіць дзецям любоў да жывёл, сфарміруе разуменне таго, як трэба іх даглядаць, - падкрэсліў Мікалай Арлёнак. - Можа быць, хтосьці з рабят у будучыні захоча звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. 

Пад незмаўкаючыя апладысменты выхаванцаў і гасцей дзіцячага дома сямейнага тыпу новая жыхарка ўвайшла ў вароты і паспрабавала першы пачастунак з рук новай гаспадыні - мацi-выхавацеля Святланы Журавой.

Віншуючы хлопцаў, начальнік аддзела па адукацыі Магілёўскага райвыканкама Наталля Колас выказала словы шчырай радасці за хлопцаў, бо іх мара здзейснілася. Наталля Уладзіміраўна пажадала дзецям маляўнічага лета і новых яркіх уражанняў. Ведаючы, што ў гэтай сям'і любяць кулінарыць, ад Магілёўскай раённай арганізацыі ГА "Беларускі фонд міру" Наталля Колас уручыла сям'і Журавых набор посуду, а таксама перадала кухонную тэхніку ад ЗАТ "Сервалюкс Агра" і наборы канцылярскіх прылад ад установы "SOS – Дзіцячая вёска Магілёў".

У дадзеным дзіцячым доме сямейнага тыпу выхоўваюцца дзесяць дзяцей. Па словах мацi-выхавацеля Святланы Журавай, яны растуць дружнымі, ва ўсім ёй дапамагаюць: і паесці прыгатуюць, і ў агарод разам выйдуць, і за гаспадаркай прыглядзяць. Дарэчы, у іх ужо ўтрымліваюцца гусі і трус, таму козачка, якой ужо далі мянушку – "Зорачка", будзе таксама акружаная дзіцячым клопатам і любоўю. 

Сям'я Журавых выказала гасцям словы вялікай падзякі за такія шыкоўныя падарункі і адразу ж адправілася "засяляць" Зорачку ў яе новыя апартаменты, якія яны загадзя прыгатавалі для яе. Выдатна, калі ёсць магчымасць выканаць дзіцячыя мары, бо дзеці - самае дарагое, што ў нас ёсць!