• Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Анатоль Ісачанка: будучыня Беларусі – у згуртаванасці народа і нацыянальным адзінстве

04.07.2022

Асноўныя святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, вечарам 3 ліпеня разгарнуліся на плошчы Славы. Тут адбыўся канцэрт, падчас адкрыцця якога старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка павіншаваў жыхароў і гасцей рэгіёна з галоўным святам беларускай дзяржаўнасці.

«Мы, народ Беларусі, разам глядзім у будучыню і ведаем, што яна ёсць, пакуль мы беражом памяць пра мінулае. Гэту памяць увасабляе ў сябе галоўнае дзяржаўнае свята, у якім зліліся разам святыя паняцці – вызваленне, перамога і незалежнасць, – падкрэсліў Анатоль Ісачанка. Гэты дзень авеяны веліччу подзвігу савецкіх салдат, памяць аб якім заўсёды захаваецца ў нашых сэрцах. Нізкі паклон усім ветэранам, якія сёння з намі і якіх ужо няма, за несмяротны подзвіг, за перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Вы падарылі нам права на жыццё і свабоду.

Мы ведаем, якой цаной дастаецца свабода і незалежнасць, таму заўсёды ідзем па шляху захавання міру і добрасуседскіх адносін з брацкімі дзяржавамі. Сёння я хачу падзякаваць і нашым гасцям з Прыморскага краю, якія разам з намі на свяце. Мы заўсёды заставаліся і застаёмся верныя нашай дружбе і агульным духоўным каштоўнасцям.

Прыйшоў час нагадаць усяму свету, што мы, нашчадкі пакалення пераможцаў, будзем абараняць тое, за што змагаліся нашы бацькі і дзяды. Бо сіла ў праўдзе, а праўда на нашым баку. Як адзначыў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка, гісторыя беларускай дзяржаўнасці заўсёды была няпростай, але імкненне нашага народа жыць у сваім доме было стрыжнем, які даваў сілу і ўмацоўваў яго дух. За чвэрць стагоддзя нашай незалежнасці ва ўмовах магутнага палітычнага, інфармацыйнага, эканамічнага ціску нам удалося абараніць суверэнітэт, захаваць мір і парадак у краіне. І гэта стала нашай агульнай перамогай у найноўшай гісторыі. І мы дакладна ведаем, што будучыня Беларусі – у згуртаванасці народа і нацыянальным адзінстве.

Сёння мы ўпэўнена ідзём па абраным шляху да дасягнення пастаўленай мэты – умацавання моцнай і незалежнай Беларусі – дзяржавы для народа. Хай наша краіна заўсёды жыве ў міры і дабрабыце, у кожным доме пануюць шчасце і любоў, а на вуліцах гарадоў і вёсак заўсёды гучыць бесклапотны смех нашых дзяцей – новых грамадзян суверэннай незалежнай Беларусі».

Акрамя таго, у гэты дзень па традыцыі новымі імёнамі папоўнілася Кніга славы Магілёўшчыны. Урачыстая цырымонія ўручэння адпаведных пасведчанняў адбылася ў час святочнага канцэрта. За выдатныя дасягненні і працоўныя заслугі высокага гонару ўдастоены 11 прадстаўнікоў з ліку дзеячаў культуры і мастацтва, работнікаў сельскай гаспадаркі, сістэм аховы здароўя і адукацыі. Сярод іх – старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.

«Ад усёй душы, шчырага сэрца ўдзячны за такую высокую ўзнагароду. Гэта адна з найважнейшых узнагарод, таму што яна пра любоў да роднай зямлі, Айчыны, дзе ты нарадзіўся і вырас. Я люблю Магілёў і Магілёўскую вобласць – гэта мая зямля, месца, дзе я пабудаваў сваю кар’еру і дасягнуў многага, – падкрэсліў Ігар Марзалюк. – Мы, беларусы, любім сваю зямлю, сваю краіну, мы ведаем і шануем яе традыцыі. Мы вялікі народ – не напышлівасцю і хамствам, а сваёй працавітасцю, сваёй гераічнай гісторыяй. Дык давайце і надалей шанаваць нашу незалежнасць, любіць сваю дзяржаву і аберагаць яе».

Завяршылася свята агульнарэспубліканскай акцыяй «Праспяваем гімн разам!» і відовішчным феерверкам.

 

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч