• Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Экспарт прадукцыі Магілёўскай вобласці ў краіны ЕС вырас у 1,7 раза

19.07.2021

Магілёўская вобласць за 5 месяцаў 2021 года павялічыла экспарт у краіны ЕС у 1,7 раза: ён склаў $221 млн. Пра гэта паведаміў сёння намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар падчас пашыранага пасяджэння, дзе падводзіліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна за I паўгоддзе.

У цэлым у студзені-маі атрымалася не толькі захаваць збалансаванасць знешняга гандлю, але і нарасціць пастаўкі ў іншыя краіны. Па словах Руслана Страхара, ва ўмовах геапалітычнага і геаэканамічнага саперніцтва рэгіён змог забяспечыць найбольшы за апошнія 5 гадоў аб’ём экспарту ($966 млн.) і станоўчае сальда. Пры гэтым адзначаецца рост аб’ёмаў экспарту ў больш чым 20 краін ЕС, а доля Еўрасаюза ў агульных пастаўках за мяжу павялічылася з 17% да 22,8%. Значна вырас экспарт у Польшчу, Латвію, Літву, Бельгію. Толькі ў гэтыя чатыры еўрапейскія краіны больш чым у 2 разы павялічыліся пастаўкі мэблі, у 7 разоў – пліт ДСП. «Гэта з’яўляецца прамым следствам закрыцця прадпрыемстваў у еўрапейскіх краінах з-за пандэміі ў мінулым годзе і актыўнай працы нашых экспарцёраў, якія зайшлі на гэтыя рынкі і цяпер павялічваюць там сваю прысутнасць», – сказаў ён на заканчэнне.

У сваю чаргу, старшыню Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца цікавіла арганізацыя работы прадпрыемстваў рэгіёна ва ўмовах санкцый ЕС. Нягледзячы на асобныя цяжкасці па забеспячэнні камплектуючымі і матэрыяламі, сітуацыя пад кантролем, робяцца меры па пераарыентаванні запытаў на іншыя рынкі, пракаментаваў Руслан Страхар.

Як было адзначана падчас пасяджэння, па выніках паўгоддзя Магілёўская вобласць выканала 3 з 4 ключавых паказчыкаў, даведзеных да рэгіёна пастановай Савета Міністраў. Валавы рэгіянальны прадукт склаў 101,7% (заданне 100%), намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў студзені-маі – 114,2% (108,1%), сукупныя паступленні даходаў у кансалідаваны бюджэт рэгіёна па выніках 6 месяцаў – 113,6% (106,3%).

«У бягучым годзе эканоміка вобласці паказвае далейшае паступальнае развіццё, – падкрэсліў Руслан Страхар. – Пасля росту ў 2020 м зараз такая тэндэнцыя працягваецца. Шмат у чым гэта звязана са стабільнай працай прамысловага комплексу, які па паўгоддзі паказвае тэмп росту 106,6%. Акрамя таго, мы бачым рост секцыі гандлю. Прычым трэба адзначыць, што ўжо па выніках паўгоддзя грамадскае харчаванне пераадолела дакавідны ўзровень. Назіраюцца паляпшэнні і па іншых напрамках. Секцыя будаўніцтва пасля запаволення ў пачатку года з кожным месяцам дадае. Паступальны рух уверх паказвае аграпрамысловы комплекс. І зараз усе намаганні сканцэнтраваны на тым, каб мабілізавацца і ў аптымальныя тэрміны правесці ўборачную кампанію. Разам з тым, па асобных напрамках ёсць рэзервы росту і недапрацоўкі як у разрэзе асобных арганізацый, так і па галінах».

Улічваючы ўсё вышэйсказанае, галоўная мэта сёння – забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве і рост дабрабыту грамадзян за кошт якаснага росту эканомікі, заключыў Руслан Страхар. «Сучасныя ўмовы, кліматычныя і эканамічныя, ставяць перад намі няпростыя задачы, для вырашэння якіх спатрэбіцца максімальная сабранасць у прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў, патрабавальнасць да кадраў і адказнасць кожнага за даручаны ўчастак працы», – адзначыў ён.

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч

Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт