•  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Прамую тэлефонную лінію з жыхарамі Магілёўскай вобласці правёў Анатоль Ісачанка

04.06.2022

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка правёў 4 чэрвеня прамую тэлефонную лінію. За тры гадзіны з пытаннямі і праблемамі да кіраўніка рэгіёна звярнулася 29 чалавек. Тэматыка зваротаў разнастайная, але структурна не змянілася. Асноўная частка пытанняў традыцыйна датычылася добраўпарадкавання, функцыянавання сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, паступалі званкі, якія закранаюць сферы аховы здароўя, землекарыстання, працаўладкавання і іншыя.

Тэма добраўпарадкавання на прамой тэлефоннай лініі заставалася асноўнай. Пры гэтым шмат зваротаў тычылася рамонту дарог. Так, з просьбай звярнуць увагу на неналежны стан галоўнай дарогі звярнулася жыхарка вёскі Галяні Магілёўскага раёна. Па словах жанчыны, у праблеме вінаватыя велікагрузы прадпрыемства, якое знаходзіцца непадалёк. Нягледзячы на ўстаноўленую таблічку, якая забараняе праезд грузавым аўтамабілям, машыны штодня праязджаюць па асноўнай дарозе, чым прывялі яе ў непрыгоднасць. Дарожныя праблемы агучыла яшчэ некалькі жыхароў абласнога цэнтра.

Адной з тэм, закранутых падчас правядзення тэлефоннай лініі, стала пытанне дастаўкі брыкету жыхарцы Магілёўскага раёна. Са слоў жанчыны, яна замовіла паліва ў пачатку мая. Брыкет прывезлі 2 чэрвеня без папярэджання. У момант дастаўкі заказчыцы дома не аказалася – неразгружаная машына з’ехала. На зварот у арганізацыю, якая адказвае за дастаўку, спецыяліст у грубай форме адказала, што не абавязана папярэджваць аб тым, у які дзень прыедзе машына, і таму трэба сядзець і чакаць. Дарэчы, тэрмін чакання – 10 дзён. Анатоль Ісачанка распарадзіўся неадкладна вырашыць пытанне з дастаўкай брыкету. Акрамя таго, старшыня аблвыканкама папрасіў разабрацца, і калі спецыяліст арганізацыі сапраўды адказвала ў грубай форме, то прыцягнуць яе да адказнасці.

Жыхароў вёскі Верамейкі Чэрыкаўскага раёна хвалявала пытанне аб забароне ўтрымання свіней у прыватных падворках. Такая сітуацыя склалася са з’яўленнем каранціну на ферме, размешчанай за 300 м ад іх населенага пункта.

Жыхарка вёскі Сялец Мсціслаўскага раёна патэлефанавала ад імя аднавяскоўцаў з просьбай прадумаць схему руху аўтобуса Крычаў – Мсціслаў, каб ён мог заязджаць у іх вёску.

Насельніцтва адной з вёсак Кіраўскага раёна занепакоена бабрамі, якія размножыліся і акупавалі тэрыторыю невялікага воднага канала, ператварыўшы яго ў балота.

Некаторыя пытанні насілі даведачны характар. Напрыклад, слаўгарадчан цікавіла, ці застанецца ранейшая колькасць койкамест у мясцовай бальніцы пасля яе рамонту і пераносу туды паліклінікі. На што Анатоль Ісачанка адказаў, што цяпер старанна прапрацоўваецца пытанне па выбудоўванні шматузроўневай медыцыны, дзе галоўная задача – палепшыць якасць абслугоўвання насельніцтва.

Сярод званкоў былі і падзякі. Напрыклад, магіляўчанка Вера Касценка выказала ўдзячнасць за ўвагу да ветэранаў і своечасовае віншаванне са святамі. Таксама жанчына расказала, што прачытала ў газеце «СБ» інтэрв’ю са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама аб развіцці вобласці ва ўмовах эканамічных санкцый «Інвестпраекты, холдынгі, бюджэтаванне – рэцэпт супрацьстаяння санкцый у Магілёўскай вобласці». Вера Феафанаўна выступіла з прапановай выхаду ў друк падобных матэрыялаў аб развіцці кожнага раёна Прыдняпроўскага краю.

Без увагі не засталося ні адно з пытанняў, яны ўзяты на кантроль. Праца ў фармаце прамых ліній з улікам іх высокай эфектыўнасці будзе працягнута.

«Частка пытанняў адносіцца да кампетэнцыі мясцовых органаў улады, – падвёў вынікі прамой тэлефоннай лініі Анатоль Ісачанка. – Былі пытанні і сістэмныя, якія датычацца многіх людзей. Усе яны ўзяты на кантроль. Трэба іх старанна вывучыць і знайсці спосаб ліквідаваць праблему. Шэраг пытанняў, рашэнні якіх ляжалі на паверхні, былі знятыя сёння ў працэсе 3-х гадзін працы. А да кіраўнікоў тых арганізацый, якія не выконваюць свае службовыя абавязкі, будуць прынятыя адпаведныя меры».

Галіна Гаўрыловіч, фота аўтара