• Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Пытанні паляпшэння жыллёвых умоў, добраўпарадкавання, падтрымкі фермерскіх гаспадарак разгледжаны падчас асабістага прыёму грамадзян Анатолем Ісачанкам

03.08.2022

Паляпшэнне жыллёвых умоў, навядзенне парадку ў дачыненні да стыхійнага гандлю, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, падтрымка фермерскіх гаспадарак – асноўныя пытанні, з якімі звярнуліся жыхары Магілёўшчыны на асабісты прыём да старшыні аблвыканкама Анатоля Ісачанкі.

Паспрыяць у вырашэнні жыллёвага пытання папрасіў 24-гадовы магіляўчанін. Са слоў заяўніка, ён знаходзіцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў з 2004 года, маючы статус дзіцяці-сіраты. Але чарга прасоўваецца марудна. Малады чалавек пацікавіўся, як хутка падыдзе яго чарга і ці будзе будавацца жыллё для данай катэгорыі грамадзян. Таксама ён расказаў, што толькі нядаўна яму стала вядома, што да 23 гадоў ён меў права атрымаць арэнднае жыллё з наступнай магчымасцю перавесці яго ў статус сацыяльнага. Аднак пра гэта яго своечасова не праінфармавалі і даная магчымасць была страчана. Як патлумачыла сацыяльная служба, патранат гэтага маладога чалавека не ажыццяўляўся, паколькі ў службе вобласці не было пра яго звестак: іх ім не перадала адміністрацыя каледжа ў Гомелі, дзе хлопец праходзіў вучобу. Малады чалавек папрасіў расказаць, якія ў яго сітуацыі магчымыя шляхі атрымання доўгачаканых квадратных метраў. На даны момант яму выдзелены пакой у інтэрнаце, дзе ён і пражывае.

Магіляўчаніну патлумачылі магчымыя варыянты, у тым ліку: працягнуць чакаць чаргу на атрыманне сацыяльнага жылля, атрымаць арэнднае або будавацца з прымяненнем ільготнага крэдытавання.

Анатоль Ісачанка, выслухаўшы заяўніка і каментары службовых асоб, даручыў вывучыць сітуацыю больш прадметна, разабрацца з магчымымі варыянтамі і даць заяўніку адказ.

Яшчэ адна магіляўчанка звярнулася да старшыні аблвыканкама з просьбай дапамагчы ўрэгуляваць арэндныя адносіны. Праблема заключалася ў тым, што жанчына ўзяла ў арэнду памяшканне на першым паверсе двухпавярховага жылога дома, адрамантавала яго і адкрыла аб’ект грамадскага харчавання – кальян-бар на 45 пасадачных месцаў. Перад заканчэннем тэрміну дзеяння дагавора арэндадаўца прапанаваў прадпрымальніцы перапрафіляваць кірунак дзейнасці, паведаміўшы, што ў іншым выпадку дамова не будзе працягнута. Паколькі ў перыяд працы ўстановы ад жыхароў дома пастаянна паступалі скаргі на шум у начны час і іншыя нязручнасці. Неаднаразова фіксаваліся і парушэнні санэпідэмрэжыму, рэжыму працы забаўляльнай установы. Прадпрымальнік з прад’яўленымі фактамі не пагадзілася і звярнулася ў суд, аднак прайграла яго. У сваю чаргу Анатоль Ісачанка адназначна заключыў: «Ёсць рашэнне суда, калегіі. У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам я не маю права на іх уплываць».

З цэлым шэрагам пытанняў на прыём прыйшоў неабыякавы магіляўчанін. Ён выказаў меркаванне аб неабходнасці навесці парадак на тэрыторыях Цэнтральнага і Быхаўскага рынкаў, у прыватнасці ў сітуацыях са стыхійным гандлем і паркоўкамі. Адзначыўшы, што ўжо неаднаразова звяртаўся з гэтымі пытаннямі ў розныя структуры і службы горада, аднак усе меры носяць часовы характар. Таксама гараджанін лічыць непрывабнымі і небяспечнымі раскіданыя па горадзе электрасамакаты, якія здаюцца ў пракат. І прапанаваў уладам горада абавязаць уладальнікаў гэтага бізнесу абсталяваць спецыяльныя стаянкі для іх. Акрамя таго, заклапочаны заяўнік і арганізацыяй сацыяльнага таксі для інвалідаў. Раней ён ажыццяўляў даную паслугу па дамове, як прадпрымальнік, але ў сувязі з праблемамі ў дзейнасці прадпрыемства быў вымушаны прыпыніць яе. Немалаважным лічыць ён і пытанне добраўпарадкавання дваровых тэрыторый у Магілёве. На прыём ён прынёс раздрукоўкі зафіксаваных на фота недахопаў на вуліцах горада, дзіцячых пляцоўках.

«Пытанне зразумелае. І меры прымаюцца. Але не ўсё адразу мы можам зрабіць, – адзначыў Анатоль Ісачанка. – Нядаўна праводзілі акцыю, прапаноўваючы людзям далучыцца і навесці парадак, добраўпарадкаваць тэрыторыі. Людзі павінны адчуваць і сваю адказнасць. Калі ўбачылі нешта не так – не заўсёды адразу пісаць, а можна выйсці і нешта зрабіць самім».

Па прадстаўленых фактах ён даў даручэнні ліквідаваць недахопы і паведаміць заяўніку.

Кіраўнікі КФХ Магілёўскага і Шклоўскага раёнаў на прыём звярнуліся з актуальнымі пытаннямі па ўборцы ўраджаю. А таксама жадаючы абмеркаваць узаемаадносіны фермераў з мясцовымі органамі ўлады, у тым ліку магчымасць атрымліваць падтрымку як сельгасвытворцам: паліва па адтэрміноўцы плацяжу, мінеральныя ўгнаенні, тэхабслугоўванне.

У прыватнасці, заяўнікаў цікавіла магчымасць атрымаць дадатковыя землі для севазвароту, набыць у лізінг тэхніку і невыкарыстоўваемыя пабудовы. Адзін з фермераў выказаў асцярогу, што з-за тэрмінаў уборкі колькасці камбайнаў у яго гаспадарцы можа быць недастаткова, каб своечасова ўбраць ураджай. Другі паскардзіўся, што тэхніка ёсць, але не хапае камбайнераў. На што старшыня аблвыканкама прапанаваў аграрыям прыйсці адзін аднаму на выручку.

Таксама Анатоль Ісачанка нагадаў фермерам, што падчас сустрэчы з імі яшчэ ў пачатку года было вырашана пасля ўборачнай правесці рэвізію іх працы і пасля на сходзе падвесці вынікі, абмеркаваць нюансы далейшай дзейнасці. Што і будзе зроблена.

«Мы на наступны год адрэгулюем усе працэсы, пытанні надбавак і субсідый», – падкрэсліў ён.

Старшыня аблвыканкама запэўніў, што ўсе актуальныя пытанні па зборы ўраджаю будуць аператыўна разглядацца ў рабочым парадку. У ліку іншага будзе аказана своечасовая дапамога з тэхнікай на ўборцы ўраджаю. Гаворачы аб тэхніцы, Анатоль Ісачанка таксама адзначыў:

«У цяперашні час у гаспадарках ёсць камбайны, якія прыйшлі ў непрыдатнасць, разукамплектаваныя або са скончаным тэрмінам амартызацыі. Гэтыя камбайны паступаюць у «Аграмашсэрвіс», дзе іх па магчымасці аднаўляюць або разбіраюць на вузлы і агрэгаты, якія затым адпраўляюцца ў гаспадаркі для рамонту іншых камбайнаў. На даны момант адноўлена каля васьмі камбайнаў – яны ўжо працуюць у палях.

Сёння адзін фермер звярнуўся па дапамогу, вядома, ураджай яму зараз дапаможам прыбраць. На будучае яму прапанавана разгледзець у «Аграмашсэрвісе» варыянт набыцця тэхнікі, якую танней аднавіць, чым купіць новую».

Падводзячы вынік сустрэчы з грамадзянамі, Анатоль Ісачанка адзначыў, што размова атрымалася адкрытай.

«Што тычыцца фермераў, напрыклад, пытанні ў іх заўсёды былі, ёсць і будуць. Гэта прыватныя гаспадаркі, гэта вытворчасць – там пастаянна ўзнікаюць пытанні. І сёння яны з імі прыйшлі. Мы іх дэталёва разабралі, пагаварылі. Часткова пытанні вырашаны, па асобных дадзены тлумачэнні, – пракаментаваў кіраўнік рэгіёна. – Як дамаўляліся раней, пасля ўборкі мы зробім рэвізію, хто як спрацаваў, сустрэнемся, каб вырашыць іншыя пытанні, якія ёсць у нашых фермераў. Неаднаразова выступаючы перад імі, я гаварыў, што мы будзем падтрымліваць фермерскі рух. Будзем падтрымліваць тых, хто сапраўды працуе на зямлі. У нас вызначаны падыходы па гэтым напрамку».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч