•  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Валерый Малашка: мы абавязаны мець такія процівагі, якія будуць своечасова рэагаваць на любыя выклікі

28.10.2022

У Беларуска-Расійскім універсітэце 27 кастрычніка прайшло абмеркаванне законапраектаў аб Усебеларускім народным сходзе і змене Выбарчага кодэкса. Сустрэчу з прафесарска-выкладчыцкім складам правёў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

«Ужо некалькі дзён у Беларусі ідзе дастаткова актыўнае абмеркаванне найважнейшых заканадаўчых актаў, якія будуць вызначаць жыццё нашага грамадства, нашай дзяржавы, – адзначыў ён. – Вельмі важна, што для розных сітуацый мы знойдзем рашэнні, спытаўшы меркаванне фактычна ў кожнага.

Нішто не перашкаджае сёння абірацца ў мясцовыя саветы дэпутатаў рознага ўзроўню, быць членам парламента, Савета Рэспублікі. Усе гэтыя кампаніі грунтуюцца на напрацаванай практыцы і прапісаны ў новым Выбарчым кодэксе.

Значна, што суб’екты грамадзянскай супольнасці маюць магчымасць быць пачутымі на самым высокім узроўні. І тым самым могуць адлюстроўваць інтарэсы розных груп насельніцтва. Таксама ва УНС будзе прадстаўлены кожны геаграфічны рэгіён. І гэта з’яўляецца той самай палітычнай рэформай, якую чакалі. Важнай дэмакратычнай формай нашага жыцця, палітычнай вышынёй будзе сапраўдная форма народаўладдзя, што і будзе ўяўляць сабой Усебеларускі народны сход.

Падчас дыскусіі ў сённяшняй аўдыторыі з прафесарска-выкладчыцкага складу, работнікаў і прадстаўнікоў моладзі ВНУ мы ўбачылі, што ў кожнага сваё ўяўленне аб неабходнасці гэтых змяненняў, свой погляд у сілу ўзросту і жыццёвага вопыту. Але ёсць агульнае разуменне таго, што ў хутка зменлівай геапалітычнай абстаноўцы, пры знешнім ціску на Рэспубліку Беларусь мы абавязаны мець такія процівагі, якія будуць своечасова рэагаваць на любыя выклікі».

У сваю чаргу рэктар БРУ Міхаіл Лусцянкоў падкрэсліў, што абмеркаванне законапраектаў накіравана на тое, каб яшчэ раз уважліва прааналізаваць выкладзеную ў іх інфармацыю:

«І паколькі ўніверсітэцкая супольнасць – гэта супольнасць інтэлектуалаў, здольных спрагназаваць перспектывы развіцця ў асобных кірунках, аргументавана абмеркаваць іх у дыскусіі, мы актыўна ўключыліся ў гэты працэс і прадставім свае прапановы, калі такія з’явяцца.

У цэлым, на мой погляд, законапраекты накіраваныя на кансалідацыю нашага грамадства, рэальную дэмакратыю. Бо дэмакратыя – гэта ўлада народа. А УНС – гэта і ёсць прадстаўнік народа, які можа рэальна кіраваць і мае для гэтага рычагі кіравання.

Тыя змены, якія прапануюцца ў Выбарчы кодэкс, накіраваныя на павышэнне стрэсаўстойлівасці нашай сістэмы да рознага роду вонкавых уздзеянняў. Каб паказаць празрыстасць існуючага механізму. І каб выбар заўсёды заставаўся рэальным выбарам беларусаў, на які не ўплываюць знешнія фактары і навязанае звонку меркаванне».

Тэматычныя сустрэчы з працоўнымі калектывамі, моладдзю і навучэнцамі пройдуць па ўсёй Беларусі па 2 лістапада. Усе прапановы, якія паступілі падчас абмеркавання, будуць акумуляваны ў Магілёўскім аблвыканкаме і перададзены для далейшай працы над законапраектамі.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч